Logo Polskiego Radia
Print

Сацсеткі пазбаўляюць дзяцей нармальнага дзяцінства

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.05.2018 16:14
Калісьці найгоршым пакараньнем была забарона на панадворак, цяпер – забарона на кампутар.
typographyimages/pixabay.com/CC0 Public Domain

У выданьні «Sieci» артыкул пра розьніцы паміж дзяцінствам 20-30 гадоў таму і сёньняшнім. Усё з-за разьвіцьця сацсетак ды інтэрнэту. Калісьці дзеці пасьля вяртаньня са школы рабілі дамашняе заданьне і беглі на панадворак пагуляць з равесьнікамі, цяпер яны сядзяць у Фэйсбуку ды іншых сацсетках. Калісьці найгоршым пакараньнем для дзіцяці была забарона выхадзіць на вуліцу, цяпер – забарона карыстацца кампутарам.

У Польшчы сотавых тэлефонаў больш, чым жыхароў. Людзі часта карыстаюцца гэтай прыладай не да канца рацыянальна, асабліва гэта датычыць дзяцей і моладзі, што можа закончыцца фонагалізмам – залежнасьцю ад тэлефона. Кожны трэці падлетак не ўяўляе сабе нават аднаго дня без тэлефона. Моладзь таксама часта ня ведае, як карыстацца апаратам у грамадзкіх месцах. 60% карыстаецца ім на ўроках, амаль палова – у часе абеду з блізкімі. Нават у кіно або тэатры 28% апытаных асоб здаралася карыстацца тэлефонам.

Настаўнікі кажуць, што сёньня моладзь вельмі зьвязаная са сваімі смартфонамі. Калісьці падлеткі хаваліся ў туалеце з цыгарэтамі, цяпер – з тэлефонам. Першым сымптомам фонагалізму зьяўляецца тое, што дзіця пастаянна трымае тэлефон пры сабе і пастаянна ім карыстаецца, часам нават ноччу некаторыя ўстаюць, каб праверыць, ці «нешта не прыйшло». Калі бацькі просяць яго адкласьці апарат, ён рэагуе агрэсій, паводзіць сябе неспакойна. Гэтыя сымптомы апісаныя ў адмысловай брашуры для бацькоў, прысьвечанай залежнасьцям. Калі ў дзіцяці разьвілася залежнасьць ад апарату, яно часта адчувае галаўны боль, скардзіцца на бяссоньніцу, ня можа сканцэнтравацца. Занепакаеньне павінна выклікаць таксама агрэсія, калі блізкія спрабуюць адабраць тэлефон.

Псыхолягі адзначаюць, што інтэрнэт зьяўляецца крыніцай вялікай колькасьці раздражняльнікаў, з якімі цяжка справіцца нават мозгу дарослай асобы, а тым больш – дзіцяці. Адной з прычын росту агрэсіўнасьці моладзі зьяўляецца неабмежаваны доступ да інтэрнэту. Бацькі нават не здагадваюцца, што можа глядзець у сеціве іх дзіця. Варта для псыхічнага здароўя часам абмяжоўваць доступ у сеціва. Напрыклад, некаторыя арганізатары летніх лягераў для дзяцей уводзяць такое правіла, што тэлефонам можна карыстацца толькі ў акрэсьленыя дні і гадзіны. Іншыя прымаюць яшчэ больш радыкальныя крокі і агулам забараняюць забіраць з сабою тэлефоны. Можа, дзякуючы такім ініцыятывам удасца вярнуць дзецям нармальнае дзяцінства.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт