Logo Polskiego Radia
Print

Як змагацца са сьветлавой забруджанасьцю навакольля

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 31.05.2018 13:50
Гэта надзённая цывілізацыйная праблема, якая шкодзіць усім арганізмам.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Акрамя забруджанага паветра разьвіцьцё цывілізацыі прывяло да сьветлавой забруджанасьці навакольля. Свой уклад у гэта ўнесла й электрыфікацыя. Першымі на зьяву сьветлавой забруджанасьці зьвярнулі ўвагу астраномы, да іх далучыліся таксама лекары й біёлягі. Прычынай неспакою навукоўцаў зьяўляецца празьмерна вялікая колькасьць штучнага сьвятла, якое парушае натуральны біялягічны рытм людзей, жывёл і расьлін.

Генрыка Нэцэль з Варшаўскага астранамічнага цэнтру імя Мікалая Капэрніка адзначае, што гэтая праблема на самой справе закранае ўсе куткі нашай плянэты.

Г. Нэцэль: На здымках бачна зарыва над горадам, такое ж, як зарыва смогу. Гэта лішкі сьвятла, якія расьсьейваюцца ў атмасфэры.

Уплыў штучнага сьвятла на здароўе чалавека тлумачыць псыхіятр Міхал Скальскі.

М. Скальскі: Так, назіраюцца велізарныя абшары сьвятла, у якіх насамрэч няма цемры. Адным з асноўных чыньнікаў, які рэгулюе сон, зьяўляецца біялягічны гадзіньнік. А калі няма падзелу на дзень і ноч? У такім выпадку наш унутраны гадзіньнік пачынае даваць збой. Чым больш цёмная ноч, больш цемры, тым больш мэлятаніну ў арганізьме чалавека. Арганізм вырабляе мэлятанін у выніку адсутнасьці сьвятла. Гэта азначае, што калі становіцца сьветла, мэлятаніну няма, а калі зьмяркаецца, то ўзровень мэлятаніну павялічваецца. І тады чалавек і сабака кладуцца спаць, а кот і пацук ідуць на паляваньне.

Навошта чалавеку мэлятанін?

М. Скальскі: Разам з тым як паніжаецца ўзровень мэлятаніну, паніжаецца амплітуда цыркаднага рытму, то бок чалавек са стану сну пераходзіць у стан чуйнасьці. І сон, і трываньне становіцца больш чуткімі. Пасьля сарака гадоў, каля пяцідзесяці чалавек ужо ня ў стане спаць настолькі моцна як тады, калі яму было 20 гадоў. Глыбокі сон мае найбольшае значэньне для рэгенэрацыі й наагул для жыцьця.

Г.Нэцэль: Існуе міжнародная асацыяцыя International Dark-Sky Association, якая ў міжнародным маштабе займаецца аховай цёмнага неба, засноўвае запаведнікі цёмнага неба. У Польшчы таксама ёсьць такі запаведнік у Ізэрскіх горах – называецца ён Ізэрскі запаведнік цёмнага неба. Палова знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, а другая палова – у Чэхіі. Такое месца знаходзіцца пад аховай: асацыяцыя назірае за асьвятленьнем, а спэцыялісты падказваюць, як ахоўваць такія месцы.

Спэцыяліст па пытаньнях сну з Польскага таварыства дасьледаваньня сну, доктар мэдычных навук Войцех Ернайчык адзначае, што ён заўважае наступствы сьветлавой забруджанасьці навакольля.

В.Ернайчык: Існуе хваравіты стан, які называецца самнамбулізм, шырока вядомы як лунацізм – стан, пры якім людзі зьдзяйсьняюць якія-небудзь дзеяньні, знаходзячыся ў стане сну. У асноўным такі разлад здароўя ахоплівае дзяцей. Раней цягам 12 гадоў маёй практыкі было трох пацыентаў, а цяпер за шэсьць гадоў – 59 чалавек. Самнамбулізм можа быць небясьпечны для чалавека, бо гэта нішто іншае, як фізычная актыўнасьць пры адсутнасьці сьвядомасьці. Вядомыя каля сотні судовых справаў, зьвязаных з самнамбулізмам.

Мэдыкі, бартавы пэрсанал, таксісты, прадстаўнікі іншых прафэсій працуюць па зьменах, і гэта шкодна для здароўя, кажа доктар Ернайчык.

В.Ернайчык: Праца па зьменах – гэта супрацьлегласьць добрага здароўя, і аб гэтым трэба памятаць. Я ня ведаю, ці магчыма спыніць або павярнуць разьвіцьцё цывілізацыі. У сучасным сьвеце людзі могуць быць актыўнымі 24 гадзіны ўсе сем дзён тыдня. Гэтага хутчэй за ўсё мы ня памяняем. А добра было б гэта зрабіць.

Ці трэба й ці варта змагацца супраць сьветлавой забруджанасьці?

Г. Нэцэль: Я як астраном лічу, што трэба змагацца. З пункту гледжаньня чалавека гэта таксама мае сэнс, бо сьветлавая забруджанасьць навакольля нясе з сабой шэраг адмоўных наступстваў. Гэта адзінае забруджаньне, зь якім можам пасьпяхова змагацца. Дастаткова зьменшыць асьвятленьне, выкарыстаць спэцыяльныя вулічныя ліхтары. Напрыклад, адмовіцца ад ліхтароў у выглядзе шара, палова сьвятла ад якіх трапляе на зямлю, а другая - у неба. Гэта бяз сэнсу, бо марнуецца электраэнэргія, то бок мы трацім грошы.

І яшчэ адна цікавінка, зьвязаная з асьвятленьнем. Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што ў бусла, які жыве блізу горада, зрушаны цыркадны рытм у параўнаньні з арганізмам бусла, які жыве ў вёсцы.

яс/PR3

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт