Logo Polskiego Radia
Print

Палякі чакаюць замены каленнага суставу 334 дні

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 31.05.2018 10:11
Гэта самая папулярная апэрацыя ў краіне.
pixabay.com/Public Domain CC0

Старшыня польскай кіруючай партыі “Закон і справядлівасьць” Ярослаў Качыньскі перанёс апэрацыю ў варшаўскім Вайсковым мэдыцынскім інстытуце. Палітыку ўставілі эндапратэз. Гэта адна з найбольш распаўсюджаных апэрацый як у Польшчы, так і ў сьвеце. Звычайна яе робяць пасьля 60 гадоў жыцьця. Калі сустаў пашкоджаны, зламаны або сьцёрся.

Да ўрача прыходзяць перш за ўсё тыя людзі, якія ўжо ня могуць цярпець боль у калене, якім не дапамагаюць ужо і лекі.

Гэта апэрацыя вельмі патрэбна людзям, якія 20-30 год таму перанесьлі артраскапію.

У Польшчы стаяць чэргі на такую апэрацыю. Трэба чакаць у сярэднім 334 дні. Яшчэ два гады таму чарга расьцягвалася на 414 дзён. Чарга цяпер скарацілася, бо выдзелены дадатковыя сродкі на тэрміновыя апэрацыі.

Аднак ёсьць клінікі, дзе трэба чакаць нават дзесяць гадоў, бо пацыенты хочуць, каб іх апэрыраваў вядомы прафэсар. Большасьць ня можа трываць доўга і робіць апэрацыю ў прыватных клініках. Кошт складае ад 18 тысяч злотых (9800 бел. руб.) да нават соцень тысяч злотых.

Rzeczpospolita/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт