У Польшчы ствараецца лазер на свабодных электронах. Праект распрацоўваюць восем навуковых інстытутаў, а фінансавая падтрымка паступае па лініі праграмы «Інтэлігентнае разьвіцьцё» Эўразьвязу. Лазер распрацоўваюць у Нацыянальным цэнтры атамных дасьледаваньняў "Сьверк" .
Павал Краўчык (Paweł Krawczyk) зьяўляецца кіраўніком гэтага праекту. Лазерныя прылады ўжо даўно выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцьці, напрыклад, у плэерах CD і DVD, існуюць лазерныя ўказкі, ёсьць зброя з лазерным прыцэлам, лазер шырока выкарыстоўваецца ў ваенных мэтах. У чым заключаецца адметнасьць лазера на свабодных электронах? Патлумачце, калі ласка, што гэта такое?.
П.Краўчык: Polfel - гэта своеасаблівы лазер. Па-першае, з увагі на тое, якім чынам будзе ў ім паўставаць лазернае сьвятло. А яно будзе паўставаць такім чынам, што пучок электронаў будзе накіраваны паміж супрацьлеглыя магнітныя полюсы - адтуль будзе выходзіць пучок лазернага выпраменьваньня. Згаданы пучок будзе ў выглядзе вельмі кароткіх імпульсаў. Такі род лазернага сьвятла вельмі запатрабаваны й карысны для навуковых дасьледаваньняў у галіне хімічных, біялягічных навук, фізыкі цьвёрдага цела й г.д. Дзякуючы таму, што гэта вельмі кароткія імпульсы кагерэнтнага сьвятла, гэты лазер зьяўляецца магутнай фотаўспышкай. З дапамогай гэтага лазера можна рабіць пакадравыя здымкі чарговых этапаў хімічных рэакцый, біялягічных працэсаў і такім чынам вельмі дакладна назіраць за тым, што там адбываецца.
Такога роду лазеры не выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцьці. Іх у сьвеце нямнога, а адзін сярод нешматлікіх унікальных лазераў ствараецца ў Польшчы.
П.Краўчык: Так, гэтыя ўнікальныя прылады адносна новыя. Сама ідэя такога віду лазера паўстала толькі ў 70-я гады мінулага стагодзьдзя. Гэтыя лазеры называюць крыніцай сьвятла чацьвёртага пакаленьня. А такіх, якія выпускаюць кароткія па даўжыні хвалі, гэта значыць ультрафіялетавыя й рэнтгенаграфічныя, сапраўды вельмі мала ў сьвеце. Наш лазер будзе працаваць на ўльтрафіялетавай даўжыні, але таксама на інфрачырвонай. Гэта ўнікальны дыяпазон выпраменьваньня. Няма прыладаў з такімі парамэтрамі. Таму гэта будзе ўнікальная прылада.
Доктар Пётр Краўчык падкрэсьлівае, што лазер Polfel дазволіць рабіць пакадравыя здымкі паасобных фазаў хімічных рэакцый, і гэта можна выкарыстаць падчас распрацоўкі новых субстанцый, новых лекаў і новых мэтадаў лячэньня.
Паводле дасьледчыка, польскі лазер будзе гатовы ў 2022 годзе.
Пшэмыслаў Павэлак/яс