Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ўпершыню імплянтавалі штучнае сэрца

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.08.2018 15:16
Пацыенту немагчыма было перасадзіць сэрца донара з-за гіпэртаніі лёгкіх.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Кардыяхірургі з Сілескага цэнтру хвароб сэрца імплянтавалі пацыенту поўнасьцю штучнае сэрца – паведамляе «Gazeta Wyborcza». Хвораму мужчыне 66 гадоў, яго ўласнае сэрца на столькі зьнішчана, што ад яго засталося толькі перадсэрдзе. Яму немагчыма было перасадзіць сэрца ад донара, паколькі хворы пакутуе ад лёгачнай гіпэртаніі. Павышаны ціск у лёгкіх хутка б зьнішчыў здаровае сэрца. Таму лекары рашыліся імплянтаваць яму штучнае.

Да такой перасадкі лекары ў горадзе Забжэ рыхтаваліся пяць гадоў. Вучыліся ў французаў, але францускі праект быў спынены. Штучнае сэрца, імплянтаванае пацыенту, гэта прадукт амэрыканскай фірмы SynCardio. У Амэрыцы такое сэрца перасадзілі ўжо сотням чалавек, у Эўропе найбольш апэрацый адбылося ў Нямеччыне. У Польшчы гэта першая імплянтацыя. Апэрацыя была магчымая ў Забжэ, дзе лекары маюць самы багаты досьвед у лячэньні хвароб сэрца.

Штучнае сэрца – гэта толькі пераходны этап, каб у хворага ўдалося панізіць лёгачны ціск, тады будзе магчымасьць перасадзіць яму сэрца ад донара. Пацыенту прыйдзецца гэты час быць пастаянна падключаным да апаратуры, якая зьмяшчаецца ў заплечніку вагай у шэсьць кіляграмаў.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт