Logo Polskiego Radia
Print

Слабы пункт Польшчы - абарона кібэрпрасторы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.11.2018 15:16
Раней NATO назвала кібэрпрастору чарговай тэрыторыяй змаганьня.
pixabay.com/CC0 Public Domain

Арміі самых магутных дзяржаў сьвету ўжо шмат гадоў працуюць над стварэньнем і разьвіцьцём адмысловых аддзелаў па ахове кібэрпрасторы. У сваю чаргу польскае Міністэрства нацыянальнай абароны абмяжоўваецца толькі дэклярацыямі – піша «Dziennik Gazeta Prawna»

Больш за год таму тагачасны міністар Антоні Мацярэвіч заявіў, што было прынятае рашэньне стварыць кібэрнэтычную армію. Па словах міністра, на гэтую мэту будуць прызначаныя два мільярды злотых, а кібэржаўнераў будзе каля тысячы.

Так было год таму, цяпер жа мінабароны прызнала гэтую галіну дзейнасьці адной з прыярытэтных, – казаў два тыдні таму намесьнік старшыні Нацыянальнага цэнтру крыпталёгіі Павэл Дзюба.

У Польшчы няма на дадзены момант ніводнай адзінкі па абароне кібэрпрасторы. Тыя асобы, якія займаліся распрацоўкай дадзенага пытаньня, калі міністрам быў Мацярэвіч, ужо не працуюць, а праблемы засталіся. Няма канкрэтнага рашэньня пра фармаваньне кібэрвойскаў, няма камандуючага гэтымі войскамі. Няма адпаведнага бюджэту. На думку ананімнай крыніцы, якая яшчэ нядаўна працавала пры праекце, адсутнічае палітычная воля і канкрэтныя рашэньні. Гэта даволі дзіўна, паколькі яшчэ амаль чатыры гады таму была высунутая прапанова стварыць у краіне кібэрвойска. Тэма згадвалася ў дакумэнце пад назваю «Дактрына кібэрбясьпекі». У ёй ішла гаворка пра тое, што польская армія павінна мець у сваім распараджэньні ня толькі здольнасьці да кібэрабароны, але таксама да наступальных дзеяньняў, у тым ліку да супрацоўніцтва з саюзьнікамі ў рамках кібэрвайны. Годам пазьней NATO на саміце ў Варшаве назвала кібэрпрастору чарговай тэрыторыяй змаганьня – акрамя вады, паветра і сушы.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт