Logo Polskiego Radia
Print

Штучная інтэлігенцыя ўжо ўсюды вакол нас

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.11.2018 15:34
Экспэрты спрабуюць ацаніць, як гэтыя зьмены паўплываюць на працоўны рынак.
pixabay.com

Чытаючы прагнозы пра тэхналягічны прагрэс, штучную інтэлігенцыю, мы думаем, што гэта ўсё яшчэ ў будучым. Тым часам ужо не людзі, а сынтэзатары мовы чытаюць аб’явы на станцыях мэтро, вакзалах, у аэрапортах – піша камэнтатар выданьня «Rzeczpospolita».

Больш прасунутыя сыстэмы галасавых камунікатараў ужо не абмяжоўваюцца да схематычных сказаў, а могуць весьці нармальную гутарку. Аўтаматычная сыстэма падборкі кандыдатаў на працоўную вакансію маланкава разглядае сотні заяў ад кандыдатаў, выбіраючы тыя, якія найбольш падыходзяць фірме.

Штучная інтэлігенцыя цяпер толькі пачынае заваёўваць сваё месца ў нашым сьвеце. Празь некалькі гадоў верагодней за ўсё стануць папулярнымі пэрсанальныя электронныя асыстэнты, якія могуць быць вялікай падтрымкай для асобаў з інваліднасьцю ды пажылых людзей. Некалькі гадоў таму такія паслугі ў багатых краінах Захаду выконвалі асыстэнты з Індыі. Цяпер, у выніку тэхналягічнага прагрэсу, замест індусаў паявіліся «інтэлігентныя галасавыя асыстэнткі». Экспэрты рынку працы і працаўладкаваньня спрабуюць ацаніць, як гэтыя зьмены паўплываюць на працоўны рынак. Яны супакойваюць: праўда, зьнікнуць тысячы простых працоўных месцаў, але будуць створаныя тысячы новых.

Радзей хтосьці разважае над тым, што гэта азначае для нашай прыватнасьці, якой у эру сацмэдыяў і відэакамэр у нас і так засталося няшмат. Інтэлігентныя асыстэнты прадставяць сваім уладальнікам багатыя веды пра карыстальнікаў паслуг, якіх не раздабыў бы ніводзін прыватны дэтэктыў. Гэтыя веды можна будзе выкарыстаць пры пошуку працаўніка, перад падпісаньнем дагавору па страхоўцы або дзеля агульнай ацэнкі грамадзяніна, як гэта ўжо цяпер робіцца ў Кітаі.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт