Logo Polskiego Radia
Print

Польскія елкі заваёўваюць сьвет

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.12.2018 12:47
Добра прадаюцца як жывыя, так і штучныя.
Photo: Free-Photos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Каляды без елкі ўявіць немагчыма. Палякі купляюць на сьвята Раства каля 6 млн жывых елак. Але цяпер яны ўжо не лясныя, а з плянтацый: прыватных, польскіх і замежных. Мяркуецца, што плошча, на якой вырошчваюцца елкі, складае 5 тысяч гектараў і пастаянна павялічваецца. Галоўным чынам сьвяточныя дрэўцы вырошчваюцца ў паўночнай і паўднёвай Польшчы. У прыватнасьці, добра прадаецца каўкаская піхта. Каб елка вырасла на 2 мэтры, патрэбныя 10 гадоў.

Польскі сэктар вытворчасьці елак набывае значэньне ў сьвеце. Надоечы ўзьнікла Польская асацыяцыя плянтатараў елак, якая рыхтуе кампанію супраць плястыкавых дрэўцаў.

Паводле апытаньня грамадзкай думкі CBOS i TNS Polska, у Польшчы перамагаюць плястыкавыя елкі. Сярод тых, хто ставіць елку на сьвяты, больш за 60% выбіраюць штучную.

Штучныя елкі найлепш «растуць» у гміне Казегловы ў Сылезіі. Бургамістар мяркуе, што ў «калядным» бізнэсе працуе 20% насельніцтва. Мясцовыя прадпрыемствы вырабляюць матэрыял для штучных елак, гірлянды, шарыкі, упрыгожаньні на стол і буйную сьвяточную падсьветку для гандлёвых цэнтраў і гарадоў. Жыхары гміны Казегловы адчынілі прадпрыемствы ў Беларусі, Расеі, Украіне, Чэхіі і Славакіі.

Мясцовая фірма «Адаль» вырабляе тысячу відаў елак. Купляе іх цэлы сьвет – Заходняя і Ўсходняя Эўропа, Нігерыя, Лібан, Дубай і нават Аўстралія.

Polityka/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт