Logo Polskiego Radia
Print

Не праходзіць забарона продажу алькаголю ноччу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.01.2019 14:25
Забарона была ўведзеная ў Кракаве, але яе абскардзіў мясцовы бізнэсмэн.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: rafatar/pixabay.com/CC0 Public Domain

Чарговая параза прыхільнікаў «сухога закону» у Польшчы. Летась былі ўведзеныя папраўкі ў закон аб выхаваньні ў цьвярозасьці, якія давалі магчымасьць муніцыпальным органам уводзіць на абмежаванай тэрыторыі забарону продажу сьпіртных напояў у начны час сутак – паміж 22.00 і 6.00 гадзінай. На пачатку забарону плянавалася ўвесьці па ўсёй краіне, але на этапе падрыхтоўкі закону ў парлямэнце аўтары ад гэтага адмовіліся, – піша «Dziennik Gazeta Prawna».

Магчымасьцю забараніць начны продаж алькаголю скарысталіся толькі некалькі адсоткаў гмін, але аказалася, што і яны не заўсёды маглі гэта зрабіць. Напрыклад, у Кракаве сухі закон плянавалася ўвесьці ў 13 раёнах, але яго адхіліла гарадзкая рада. У канцы канцоў удалося ўвесьці забарону толькі ў Старым горадзе, але адзін з прадпрымальнікаў падаў скаргу ў адміністрацыйны суд, які адхіліў закон, паколькі ўвядзеньне забароны толькі ў адным раёне парушае, на думку судзьдзяў, канстытуцыйную роўнасьць усіх суб’ектаў гаспадараньня.

Муніцыпальныя органы затое ахвотней, чым забаронай продажу алькаголю ноччу, карыстаюцца іншай магчымасьцю, якую дае закон. Гэта забарона расьпіваньня сьпіртных напояў на акрэсьленай тэрыторыі. Такую забарону ўвяла ўжо амаль адна трэцяя ўсіх польскіх гмін (гміна – самая малая адміністрацыйная адзінка ў Польшчы – рэд.).

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт