Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ня вельмі паважаюць забароны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.04.2019 17:03
Палякі прывыклі, што законы часьцей трэба абыходзіць, чым іх паважаць.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Выданьне «Polityka» піша пра розныя забароны, якія можна лёгка абыходзіць. Скажам, амаль год таму ў Польшчы была ўведзеная забарона прадаваць катлы старога тыпу, якія значна забруджваюць навакольнае асяродзьдзе, і дрэннай якасьці паліва. Актывісты Антысмогавай трывогі (Alarm Smogowy) вырашылі праверыць, ці забарона дзейнічае. Аказалася, што ў многіх месцах можна купіць торф, які ў Сылезіі лічыцца субстытутам вугалю, яго заўсёды выкарыстоўвалі для абагрэву, таму прадаўцы не сьпяшаюцца ад яго адмаўляцца. Тое ж самае датычыць катлоў старога тыпу. Лепшыя катлы каштуюць значна больш, таму прадаўцы карыстаюцца рознымі трукамі, каб абыйсьці забарону, напрыклад, мяняюць назоў катла або прадаюць яго быццам бы толькі на экспарт.

Абагрэцца можна ня толькі каля катла. Цеплыню дасьць таксама алькаголь хатняй работы. У інтэрнэце ў свабодным продажы знаходзяцца рознага тыпу дыстылятары, апараты для самагонаварэньня, а гнаць самагон у Польшчы забаронена законам. За гэта можна трапіць у турму, нават на два гады. Аднак многія людзі й так яго вараць, самагонка набывае статус хатняга экалягічнага прадукту, амаль што карыснага харчаваньня. Улады не сьпяшаюцца з самагонкай змагацца, а нават некаторыя міністры сельскай гаспадаркі абяцаюць яе легалізаваць.

Падобны статус маюць гэтак званыя антырадары, гэта значыць, прылады, якія дазваляюць выявіць разьмяшчэньне радараў на дарозе. Антырадары можна мець, але нельга імі карыстацца. У продажы знаходзяцца дзясяткі рознага тыпу прыладаў, ад самых простых па вельмі дакладныя і дарагія. Паліцэйскі ў выпадку дарожнага кантролю можа выпісаць штраф, але апаратуры не забярэ, у адрозьненьні ад іншых краін Эўропы. Скажам, калі ў Францыі паліцэйскі знойдзе ў машыне антырадар, ён яго ня толькі канфіскуе, але яшчэ і дасьць штраф – да паўтары тысячы эўра.

Такім чынам, падсумоўвае выданьне, законы не пасьпяваюць за жыцьцём, таму палякі ставяцца да забароны даволі элястычна. Польскі народ доўга знаходзіўся пад чужым панаваньнем, таму палякі прывыклі, што законы часьцей трэба абыходзіць, чым іх паважаць.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт