Logo Polskiego Radia
Print

Тры гады ў адной з вёсак існавала школа без вучняў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.06.2019 08:27
"Мінадукацыі заявіла: ня будзе закрыцьця малых школ, таму нават пустую школу нельга закрыць".
photo: pixabay.com/Creative Commons CC0

У вёсцы Біскупіцэ на паўночным усходзе Польшчы тры гады існавала школа, у якой не было... ніводнага вучня. Кур’ёзнае здарэньне апісвае тыднёвік «Polityka».

Пачатковая школа ў Біскупіцах – старога тыпу, драўляная, водаправод пракладзены толькі 11 гадоў таму, няма сталоўкі і гімнастычнай залі. Нягледзячы на водаправод і каналізацыю, школа не была ў стане прыцягнуць вучняў. Паступова ў яе хадзіла ўсё менш дзяцей. Па-першае, дэмаграфія – усё менш людзей нараджаецца ў Біскупіцах, па-другое, бацькі выбіралі больш сучасную ў суседняй гміне Садове, куды ходзіць бясплатны школьны аўтобус. На ўзроўні гмінных уладаў школа была закрытая ў 2016 годзе, але кураторыя асьветы разгледзела справу і загадала адукацыйнай установе працягваць працаваць. Улады гміны абскардзілі рашэньне кураторыі ў Міністэрства нацыянальнай адукацыі. Пазыцыя Мінадукацыі была такой жа, як і кураторыі.

Які сэнс утрымліваць школу, у якой няма вучняў, і не прадбачыцца? Куратар падчас сустрэчы з кіраўніцтвам гміны адзначыў, што міністэрства заявіла: яно ня будзе закрываць малых вясковых школ, і таму нават пустую школу немагчыма закрыць. У навучальным годзе 2016/2017 у школе ўжо зусім не было вучняў, але далей нельга было яе закрыць, бо не было згоды кураторыі асьветы. Тры гады школа без вучняў функцыянавала згодна з найлепшымі традыцыямі бюракратычнай параноі. Гміне прыходзілася ўтрымліваць будынак, яна не магла яго прызначыць на жыльлёвыя мэты для самых малазабясьпечаных жыхароў. Тры гады працягвалася каніцель, і ўрэшце кураторыя згадзілася ліквідаваць школу – рашэньне было прынятае праз два дні пасьля таго, як стала вядома, што міністар адукацыі Анна Залеўска стане дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту, і, адпаведна, перастане быць міністрам у Польшчы.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт