Logo Polskiego Radia
Print

29.06.1956 у Познані супраць пратэстоўцаў вывелі танкі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.06.2019 09:00
  • 29.06.1956_лісток календара.mp3
Гэтак званы "Познаньскі чэрвень" быў жорстка падаўлены войскам.
Танкі ў Познані, выведзены на вуліцу супраць пратэстоўцаў, чэрвень 1956 г.Танкі ў Познані, выведзены на вуліцу супраць пратэстоўцаў, чэрвень 1956 г.By nieznany - Jarosław Maciejewski, Zofia Trojanowicz, Poznański czerwiec 1956, Poznań 1981, ISBN 83-210-1319-2 Invalid ISBN, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=17380053

28 – 29 чэрвеня 1956 году адбыліся дэманстрацыі ў Познані, якія былі жорстка падаўленыя ўладамі.

Галоўнымі перадумовамі падзей у Познані былі: палітычная адліга ў грамадзтве і ўзрост эканамічных патрабаваньняў працоўных прамысловых прадпрыемстваў у Познані. Месцам, дзе зарадзіўся пратэст быў завод імя Цагельскага (адзін з буйных у горадзе ды ў Польшчы). Як аказалася, улады абкладалі працоўных дадатковым падаткам на вышэйшыя заробкі (агулам працаўнікі страцілі 11 млн. злотых). Актывісты некалькі разоў высылалі лісты і патрабаваньні выправіць сытуацыю, але без задавальняючых вынікаў. 23 і 25 чэрвеня ў Варшаву была скіравана адмысловая дэлегацыя.

Напачатку было дасягнутае карыснае для працаўнікоў пагадненьне, але ўжо праз дзень кіраўніцтва ПАРП адмяніла частку сваіх саступак, што прывяло да ўзросту напружанасьці.

Сытуацыя выглядала вельмі кепска і на іншых прадпрыемствах гораду, дзе камуністычныя ўлады паднялі на 20-30% так званы «плян вытворчасьці» што прывяло да стратаў.

28 чэрвеня а 6 раніцы пачаліся страйкі амаль на ўсіх заводах гораду. Пасьля 10-ай гадзіны працоўныя вырушылі на вуліцы, да іх далучыліся жыхары гораду, колькасьць удзельнікаў дасягнула 100 тыс. Пратэстоўцы сабраліся каля будынку мясцовых улад. Усе патрабаваньні зводзіліся да эканамічных: вяртаньне папярэдніх нормаў працы, зьмяншэньне падаткаў і павялічэньне заробкаў, але паступова пачалі гучаць і палітычныя, антыкамуністычныя лёзунгі.

У той жа час, тагачасны польскі міністар абароны маршал Ракасоўскі дазволіў выкарыстаць войска дзеля падаўленьня дэманстрацыі, быў таксама выдадзены дазвол на выкарыстаньне зброі супраць «правакатараў».

Радыкалізацыя дэманстрантаў прывяла да больш актыўных дзеяньняў. Былі захоплены адміністрацыйныя будынкі, у тым ліку вязьніца. Была зроблена спроба захапіць будынак Службы бясьпекі, менавіта там прагучалі першыя стрэлы. Ужо ў другой палове дня ў горад былі скіраваныя войскі, каля 10 тыс. вайскоўцаў, больш за 300 танкаў, каля 10 бронеаўтамабіляў і нават самаходных артылерыйскіх установак.

Сутычкі працягваліся да вечара 29 чэрвеня, пратэстоўцамі было зьнішчана каля 30 танкаў.

У выніку загінула 70 чалавек, 600 было паранена. У вечары 29 чэрвеня тагачасны прэм’ер ПНР Юзаф Цыранкевіч заявіў: «Кожны правакатар, альбо вар'ят, які адважыцца падняць руку на народную ўладу, павінен ведаць, што гэтая рука будзе адрубана».

Амаль адразу пачаліся рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў. Было арыштавана каля 250 чалавек, шмат хто з іх быў прыгавораны да некалькіх гадоў пазбаўленьня волі. Былі арганізаваныя адмысловыя «палітычныя працэсы», якія мелі паказаць, што падзеі ў Познані былі справакаваныя «заходнімі імпэрыялістамі». Нягледзячы на спробы польскіх уладаў запалохаць грамадзтва і максымальна дэзінфармаваць яго, падзеі ў чэрвені 1956 годзе мелі вельмі важнае значэньне і наступствы для Польшчы і прывялі да пэўнага паглыбленьня палітычнай адлігі. А ў кастрычніку 1956 году да сур’ёзных палітычных зьменаў у кіраўніцтве краіны, першым сакратаром ЦК ПАРП стаў Уладыслаў Гамулка.

Павал Усаў

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт