Logo Polskiego Radia
Print

Жнівень - месяц паломніцтваў у Польшчы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.08.2011 09:00
Кожны год у жніўні на Ясную Гару адпраўляецца каля 250 тысячаў паломнікаў.

/

Паломнікі ідуць у Чэнстахову

15 жніўня ў сьвятыні на Яснай Гары сустрэнуцца паломнікі з усяе Польшчы ды ня толькі.

Урачыстай імшой у касьцёле сьв. Ганны ў Варшаве пачалося Варшаўскае паломніцтва студэнтаў у санктуарый Маці Божай на Яснай Гары ў Чэнстахове – найбольш вядомы каталіцкі цэнтар у Польшчы.

Традыцыя Варшаўскаага мітрапалітарнага паломніцтва студэнтаў сягае 1981 году. Сёлета група паломнікаў налічвае каля 3,5 тысячаў чалавек.

Як заяўляюць арганізатары, паломніцтва – гэта свайго роду вандроўная каталіцкая школа. На кожны дзень падарожжа прадугледжваецца асобная малітоўная праграма.

Удзельнікі Варшаўскага мітрапалітарнага паломніцтва студэнтаў цягам 10 дзён пераадолеюць 290 кілямэтраў – кожны дзень па 25-38 км.

Кожны год у жніўні на Ясную Гару адпраўляецца каля 40 дыяцэзыяльных і некалькі дзясяткаў рэгіянальных паломніцтваў з ўсяе Польшчы- каля 250 тысячаў паломнікаў. Усе яны сустракаюцца ў санктуарыі Маці Божай Чэнстахоўскай 15 жніўня – у сьвята Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Найдаўжэйшы шлях – 617 кілямэтраў – павінна пераадолець паломніства са Шчэціна на ўзьбярэжжы Балтыкі. Самым шматлюдным традыцыйна зьяўляецца паломніцтва з Тарнава (на поўдні краіны), у якім кожны год удзельнічае каля 11 тысяч паломнікаў.


/

Кіпрыян Клімуц кананізаваны

За крытыку атэізму ён памёр ад голаду ў савецкім ГУЛАгу.

4 жніўня ў Сьвята-Міхайлаўскім катэдральным саборы ў Лідзе (Гарадзенская вобласьць), адбылася ўрачыстая кананізацыя праваслаўнага сьвятара Кіпрыяна Клімуца, закатаванага ў Каргапальскім ГУЛАГу.

Кананізацыйную цырымонію ўзначаліў мітрапаліт Менскі й Слуцкі Філарэт патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

Кіпрыян Клімуц нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Альхова на Гарадзеншчыне.

Ён скончыў Варшаўскую духоўную сэмінарыю, а ў 1921 годзе стаў сьвятаром. Служыў у розных прыходах Гарадзенскай епархіі, з 1929 па 1939 год быў настаяцелем храма Раства Прасьвятой Багародзіцы ў вёсцы Ятра. У 1934 годзе стварыў Праваслаўнае народнае брацтва, якое стала асабліва папулянрым сярод тагачаснай моладзі.

У сваіх пропаведзях і гутарках айцец Кіпрыян адкрыта гаварыў пра памылкі матэрыялізму й атэізму, заклікаў прытрымлівацца праваслаўнай веры. У 1939 годзе сьвятара абвінавацілі ў антысавецкай агітацыі, аднак ён не прызнаў віны й ня выдаў іншых сяброў брацтва. У 1940 годзе быў прыгавораны да 8 гадоў лягераў.

У 1942 годзе праваслаўны сьвятар памёр ад зьнясіленьня, катаваньняў і голаду ў Каргапальскім ГУЛАГу.

Ён быў рэабілітаваны толькі ў 1989 годзе. У 2010 годзе патрыярх Расейскай праваслаўнай царквы Кірыл зацьвердзіў хадатайніцтва мітрапаліта Менскага й Слуцкага Філaрэта аб правядзеньні кананізацыі сьвятапакутніка Кіпрыяна Клімуца.


/

Івянец разьвітаўся з моладзьдзю

ІІ Усебеларуская малітоўная сустрэча моладзі завяршылася асьвячэньнем фігуры Яна Паўла ІІ.

Сёньня ў Івянцы завяршылася ІІ Усебеларуская малітоўная сустрэча моладзі.

Першая падобная сустрэча праходзіла тут з нагоды 23-га Сусьветнага дня моладзі ў ліпені 2008 г. Пасьля Івянец штогод гасьціў моладзь з усёй Менска-Магілёўскай архідыяцэзыі.

Удзельнікі сёлетняй сустрэчы, апрача супольнай малітвы, мелі таксама нагоду паўдзельнічаць у музычных мерапрыемствах, у прыватнасьці ў канцэрце сэмінарыйных музычных гуртоў „Подых Духа” зь Пінска й „Ave” з Горадні, а таксама гала-накцэрце „Музычнай майстэрні”, якая напярэдадні малітоўнай сустрэчы праходзіла ў Івянцы.

На другі дзень сустрэчы прайшло ўзнагароджаньне пераможцаў фотаконкурсу „Чалавек — Божае стварэньне”, арганізаванага парталам Catholic.by і газетай Віцебскай рымска-каталіцкай дыяцэзыі „Каталіцкі весьнік”.

ІІ Усебеларуская малітоўная сустрэча моладзі ў Івяньцы завяршылася ўрачыстым асьвячэньнем фігуры Яна Паўла ІІ.

Catholic.by/аз

/

Адкрыцьцё алтара ў касьцёле Францішка Ксавэрыя ў Горадні

Ва ўрачыстасьцях удзельнічалi прадстаўнікі міністэрства культуры Польшчы.

У Катэдральным касьцёле Францішка Ксавэрыя ў Горадні адбылося ўрачыстае адкрыцьцё й асьвячэньне ўнікальнага алтара першай паловы 18 стагодзьдзя, які быў адрэстаўраваны пасьля пажару 2006 году.

Ва ўрачыстасьцях удзельнічаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, беларускія біскупы, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, мясцовыя гарадзенскія ўлады, прадстаўнікі міністэрстваў культуры Польшчы й Беларусі.

Падрыхтавала Анна Задрожна


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт