Чэслаў Лянга - бацька посьпеху Tour de Pologne
PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic
08.08.2011 13:29
За 10 гадоў яму ўдалося зрабіць TdP адной з самых прэстыжных спартыўных імпрэзаў у Польшчы.
Фота: tourdepologne.pl
У суботу завершыўся Tour de Pologne, шматдзённая велагонка па дарогах Польшчы. Упершыню гэтае спаборніцтва адбылося ў 1928 годзе. 68-ая па ліку велагонка трапіла ў прэстыжны рэйтынг UCI Word Tour. Гэта сьведчыць ня толькі пра спартыўны ўзровень TdP, але й камэрцыйны посьпех. Велагонку змаглі пабачыць каля 200 млн. гледачоў у 60 краінах сьвету.
"Dziennik Gazeta Prawna" распавядае пра бацьку посьпеху Tour de Pologne – Чэслава Лянга. У 1980 годзе ён, дарэчы, сам стаў пераможцам гэтага спаборніцтва. Але напрыканцы 80-ых цікаўнасьць да Tour de Pologne зьнікла. Дайшло да таго, што нават грамадзкае Польскае Тэлебачаньне адмовілася паказваць спаборніцтва ў сваім эфіры.
Лянг жыў тады ў Італіі й займаўся трэніроўкай маладых раварыстаў. Аднак былы алімпійскі віцэ-чэмпіён марыў пра тое, каб адрадзіць веласпорт на радзіме. Пасьля вяртаньня ў Польшчу ён арганізаваў гонку на 50 км. паміж варшаўскімі мастамі. Пазьней у яго галаве нарадзілася думка зрабіць штосьці падобнае з Tour de Pologne.
У 1993 годзе ён зладзіў першы велапрабег. Праўда, як сам цяпер прызнаецца, спонсары й СМІ яго ідэяй не зацікавіліся. Нават спарцмэны не хацелі ўдзельнічаць у спаборніцтве. Яму давялося хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй і пераконваць прэсу й вялікі бізнэс, што ідэя мае сэнс.З году ў год усё больш людзей пачало верыць у тое, што Tour de Pologne сапраўды можа прэтэндаваць на званьне прэстыжнага спаборніцтва.
Праз дзесяць гадоў пасьля першай гонкі Tour de Pologne пачаў прыносіць капітал. Паводле Лянга, кожная залатоўка, якую ён укладае ў спаборніцтва, прыносіць яму ад 7 да 10 злотых прыбытку. Імпрэзай зацікавілся ўлады гарадоў празь якія праходзіць маршрут Tour de Pologne. За права стаць фінішам 3-га этапу Катавіцэ заплацілі сёлета амаль 100 тысяч эўра. “Ахвотных гарадоў і прыгожых месцаў у Польшчы настолькі шмат, што я мару пра тое, каб зрабіць Tour de Pologne прынамсі на адзін дзень даўжэйшым” – кажа Чэслаў Лянга.