Аднак сёньня гэта зусім іншыя Вушачы – зрусіфікаваныя, ідэалягізаваныя. Вушачы, дзе нават не зьвяртаюць увагу на прыезд свайго земляка – народнага паэта Беларусі. У Вушачах мы гутарым з Рыгорам Барадуліным.
Дзядзька Рыгор, дарога ў Вушачы й з Вушачаў складае 200 кілямэтраў у адзін бок. Пра што Вы звычайна думаеце гэтыя 200 кілямэтраў?
Рыгор Барадулін: Калі я еду ў Вушачы, я думаю, што нарэшце буду ў родных мясьцінах, нарэшце буду дыхаць тым паветрам, каторым дыхалі мае бацькі, і буду бачыць бацькаў вяз – ён як зялёны космас. Ён з 1939 году, разумееце? Бязь іх я проста сірата. Калі я еду назад, я еду сумны таму, што я пакідаю ўсё гэта… Таму што ўвесь час, калі я жыву ў Менску, я жыву там. Мне сны вушацкія сьняцца, без Вушачаў я не магу. Ля Вушачаў ёсьць возера Шо – па нейкай статыстыцы гэта цэнтр Эўропы. Дык я такія пісаў нават радкі на Вушаччыне.
Не ставяць на стол
памінальныя клёцкі,
Ня тояць усьмешку
У возеры Шо.
Як зазначыў Алесь Камоцкі,
яшчэ не ўжо.
Вы сказалі, што Вам нават у Менску сьняцца вушацкія сны й што гэта за адметныя сны.
Рыгор Барадулін: Мама сьніцца... Што я ў Вушачах сяджу, хаджу… Я і сёлета там троху пісаў, працягваю рабіць “Вушацкі словазбор”. Узгадваю словы вушацкія, голас мамы.. Такое во напісалася сумнаватае...
Старэе восень,
дзень ідзе на схон…
Сырэе дзьмухаўцовая завея.
Прымоўк агонь і сьніць гарачы сон…
Сьсівелы сам, гляджу, як жар сівее.
У вас жа нават кот, якога вы ўзялі ва Ўшачах! Які ў яго характар?
Рыгор Барадулін: Вушацкі характар! Ганарысты й капрызны. Вушацкі характар – гэта ня мёд. Кот, канешне, страшэнны – яго б адлавіць і назад ва Ўшачы! Таму што ён, як прыязджае – у яго 13 сотак агароду, воля, хата ў 2 паверхі: першы паверх і другі, гарышча такое абсталяванае, дзе я сьплю. Я думаю, што калі ён зьнікае на некалькі сутак – гэта ён хваліцца ўсім, што ў яго столькі сотак гароду, што 2-х павярховы дом, што гаспадары перад ім расьсякаюць і кланяюцца. Таму ён часта прыходзіць абадраны, абскубаны й выскубаны. І вуха, і сьпіна… У бойках за кабету піжон менскі… Ну, ён родам з Вушачаў, але ўжо “амянчаніўся”. Я часта кажу: я бываю ў ГПУ – гарадзкі пасёлак Ушачы.
А Вас ва Ўшачах ня лічаць менскім піжонам?
Рыгор Барадулін: Я цяпер ужо амаль нідзе не зьяўляюся…
Але ж ведаюць, відаць, калі прыехаў Барадулін?
Рыгор Барадулін: Бог іх ведае… Яны стараюцца тады рабіць выгляд, што мяне няма. Дарэчы, з усіх там знайшоўся такі Раман Клачок – скончыў Вушацкую школу, паступіў у Медынстытут віцебскі, выключна па-беларуску гаворыць, цікавіцца выключна беларускай літаратурай. Разумееце, я ўспамінаю, што сам некалі быў такім маладым… Справа ў тым, што калі я быў маладым, у нас было ўсё па-беларуску, нават такая рэч была, што дырэктар школы заўсёды выступаў па-беларуску. І калі на фізкультуры “Піянэры, крок раўняй!” гаварылі, у нас страшэнна хахаталі й глядзелі на шырынку, таму што па-вушацку шырынка “крок” называецца. Прымаўка была такая: “Ён памірае, а яна ў яго па краку качаецца”.
У гэтым годзе на вашай вуліцы заклалі ўсё пліткаю й зьнішчылі брукаванку. Вашую вушацкую сядзібу ўжо абступае “яўропа” й цывілізацыя?
Барадулін з сусэдам Васілём
Рыгор Барадулін: Да, з аднаго боку ад нас жыве сучасны багаты хлопец, будуе 2-павярховы палац, пліткамі там усё… Быў адзін кавалак брукаванкі, якая сьвяцілася ноччу, колькі ног па ёй хадзіла… Нашая вуліца называлася Каменская раней, яна на каменнай брукаванцы йшла. Брукаванкі кавалачак маленькі можна было пакінуць, не – усё трэба пад асфальт, пад асфальт, пад асфальт…
А мясцовыя, відаць, радуюцца, што заасфальтуюць?
Рыгор Барадулін: Да-да-да. Мясцовыя радуюцца, ім жа ня ўкажаш. Слава Богу, у гэтым годзе не закончаць таму, што грошай няма.
Раскапалі й кінулі?
Рыгор Барадулін: Да.
Скажыце, а ў лазьню Вы ходзіце ва Ўшачах?
Рыгор Барадулін: Хаджу да суседа Васіля.
І як у яго пар?
Рыгор Барадулін: Выдатны, па-ўшацку. Некалі былі малыя, ў нас была такая традыцыя – хто больш за ўсіх перасядзіць на палку вышэйшым. Цяпер ужо я нікога не перасядзеў бы…
“Зь мяне, як камяні зь зямлі вушацкія выходзяць словы”. Гэтак сказаў Рыгор Барадулін, Народны паэт Беларусі, якога мы наведалі на ягоных вакацыях у родных Вушачах.
Арцём Багданаў, Менск