Logo Polskiego Radia
Print

Беларуска ў сэрцы эўрапалітыкі (фота)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 17.11.2011 05:11
  • Брусэль.mp3
Інтэрвію з Вольгай Стужынскай – заснавальніцай “Офісу за дэмакратычную Беларусь” у Брусэлі.

Ці ведаеце вы, што ў самым сэрцы Эўропы, усяго ў 3 хвілінах хады ад Эўрапейскага парлямэнту знаходзіцца прадстаўніцтва Беларусі? Дакладней, прадстаўніцтва беларускай грамадзянскай супольнасьці й называецца яно “Офіс за дэмакратычную Беларусь”. Больш за 5 гадоў гэтая няўрадавая арганізацыя тлумачыць эўрапейскім палітыкам, што адбываецца па той бок “шэнгенскага муру” ды стараецца зрабіць Эўропу больш даступнай і зразумелай для беларусаў. Мы прадстаўляем вашай увазе размову са стваральніцай “Офісу за дэмакратычную Беларусь” Вольгай Стужынскай.

Вольга Стужынская, выпускніца Коласаўскага ліцэю, дачка вядомага гісторыка Ніны Стужынскай, прыехала ў Брусэль у 2001 годзе. Студэнтка эканамічнага факультэту БДУ плянавала пражыць у сталіцы Эўропы паўгоду, але ня ведала, што застанецца тут больш чым на 10 гадоў і зробіць бліскучую кар’еру.

В. Стужынская: Я ехала сюды па праграме “Au Pair” – даглядаць дзяцей

/

сям’і дыпляматаў, якія раней працавалі ў Беларусі. Гэта была сям’я, зь якой мы сябравалі яшчэ ў Менску. Яны запрасілі мяне прыехаць у Брусэль на паўгоду. І вось ужо 10 гадоў, як я тут. Я скончыла Мэрылэндзкі ўнівэрсытэт у Брусэлі, стажыравалася ў Эўрапейскім парлямэнце. Потым амаль 2 гады працавала ў Парлямэнцкай асамблеі NATO, а ў 2006 годзе мы зарэгістравалі “Офіс за дэмакратычную Беларусь”.

Стварыць арганізацыю, якая б распавядала эўрапейскім чыноўнікам пра Беларусь, Вольга Стужынская вырашыла пасьля драматычных выбараў 2006 году. Эўрапейскія палітыкі тады абсалютна ня ведалі й не разумелі, што адбываецца ў Менску – прызнаецца Вольга Стужынская.

В. Стужынская: Інфармацыйная роля была тады галоўнай. Таксама мы дапамагалі прадстаўнікам беларускіх палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, СМІ ладзіць візіты ў Брусэль, выступы ў Эўрапейскім парлямэнце, закрытыя спатканьні.

2008-2010 гады – гэта час славутай лібэралізацыі. Мы пачалі весьці праекты, ў якіх удзельнічалі таксама й прадстаўнікі розных беларускіх міністэрстваў. Як прыклад можна назваць праграму “Беларусь і ЭЗ: дзелімся досьведам”. Спадзяемся, што нам удасца працягуць гэты праект і ў будучым годзе. Сёньня мы рэалізуем вялікі праект “EU-Belarus Task Force”, які ўключае ў сябе як інфармацыйную кампанію, так і кансультацыйныя сустрэчы, а тксама кампанію па зьніжэньню коштаў візаў, якую мы вядзем ня першы год.

Як жа фінансуецца “Офіс за дэмакратычную Беларусь”? Ніякіх сакрэтаў няма – кажа Вольга Стужынская.

В. Стужынская:
Спачатку гэта былі невялікія гранты ад абсалютна розных фондаў. Цяпер фінансаваньне набыло сталы характар – бо арганізацыі ўжо даволі шмат гадоў і яна добра сябе зарэкамэндавала. Мы атрымліваем фінансаваньне ад Эўрапейскай камісіі. Таксама мы падтрымліваем супрацоўніцтва з урадамі Швэцыі й Даніі. Невялікая частка фінансаваньня ідзе ад амэрыканскага ўраду, але яно мінімальнае.

Як прызнаецца дырэктарка “Офісу за дэмакратычную Беларусь”, ні беларуская амбасада ў Брусэлі, ні ўлады ў Менску не перашкаджаюць дзейнасьці арганізацыі. Афіцыйная й неафіцыйная амбасады суіснуюць мірна. Аднак пасьля 19 сьнежня пэўнасьці ў тым, што ўсе заплянаваныя праекты будуць рэалізаваныя, на жаль, няма – канстатуе Вольга Стужынская.

А што ж пра нас думае Эўропа? Эўразвяз стаміўся й проста ня ведае што рабіць зь Беларусьсю. Ні пуга, ні пернік ніякіх эфэктаў не далі – кажа Вольга Стужынская.

В. Стужынская:
Эўразьвяз спрабаваў як ізаляваць, так і весьці дыялёг зь Менскам. А вынік – мінімальны. Сёньня ЭЗ пачынае разумець, што патрэбны дыялёг з шырокай часткай беларускага грамадзтва, якая не прадстаўлена ні ўладай, ні палітычнай апазыцыяй. З большай часткай беларускага грамадзтва дыялёг не вядзецца, бо яна нікім не прадстаўлена. У бліжэйшай будучыні мы арганізуем круглы стол з удзелам беларускіх і міжнародных экспэртаў, а таксама прадстаўнікоў Эўрапейскай камісіі, такіх як камісар Фюле. Мэтай сустрэчы будзе выпрацаваць новыя рэкамэндацыі наконт таго, як будаваць дыялёг зь Беларусьсю. Ня трэба праводзіць дыялёгу толькі з уладамі, альбо дыялёгу толькі з палітычнай апазыцыяй. Эўропа павінна пашукаць шляхі супрацоўніцтва з большай часткай беларускага грамадзтва.

Нягледзячы на тое, што ў Брусэлі Вольга Стужынская працуе ўжо 10 гадоў, На Радзіму яна езьдзіць вельмі часта й добра разумее, што адбывецца дома.

В. Стужынская:
Я бываю ў Менску амаль кожны месяц. Я лічу гэта вельмі важнай часткай сваёй працы. Я езджу, каб разумець, што адбываецца ў краіне, каб мець мажлівасьць размаўляць з прадстаўнікамі самых розных групаў, каб адсочваць нават невялікія зьмены й тэндэнцыі, каб правільна рабіць аналіз сытуацыі й правільна тлумачыць яе ў Брусэлі.

Ці ёсьць у сэрцы Эўропы іншыя беларусы? Вядома, ёсьць, але разам не трымаюцца – прызнаецца Вольга Стужынская.

В. Стужынская:
Беларусы не шукаюць адзін аднаго. Бывае вельмі дзіўна, калі твае сябры-замежнікі пытаюць: “Ведаеш, у банку за вуглом працуе аналітык? Ён беларус. Вы не знаёмыя?” Я была ў тым банку й нават размаўляла з гэтым чалавекам, ён ведаў, што я зь Беларусі, але ён не прызнаўся! Вельмі крыўдна бачыць, як летувісы зьбіраюцца разам глядзець валейбол, ладзяць нацыянальныя вечарыны; актыўна праводзяць свае мерапрыемствы палякі ды ўкраінцы ( у Брусэлі нават ёсьць украінская крама), а мы, беларусы, нават сабрацца разам ня можам!

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” ахвотна запрашае маладых беларусаў на стажыроўку. “Нас цікавяць перадусім людзі, якія зьбіраюцца пазьней вярнуцца на Радзіму альбо працаваць дзеля Беларусі. Краіне вельмі патрэбныя адукаваныя людзі”, - падкрэсьлівае Вольга Стужынская.

Аляксандар Папко, Брусэль

Фота: Аляксей Братачкін (Новая Эўропа)

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт