Logo Polskiego Radia
Print

Кастарыканскія кантрасты

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 28.02.2012 19:26
Вуліцы бяз назваў, дарогі бяз знакаў.

Прыехаўшы у вялікі лацінаамэрыканскі горад, будзьце гатовыя да новых правілаў выжываньня. У прыватнасьці гэта тычыцца дарожнага руху.

Нават у адносна багатых гарадах, як кастарыканская сталіца Сан-Хасэ, знакі й сьветлафоры расстаўлены, мякка кажучы, своеасабліва.

На першым жа скрыжаваньні ажыўленых дарог мне кінуўся ў вочы такі эпізод. Жанчына спрабуе перайсьці дарогу. Але на скрыжаваньні ўсталяваны толькі адзін знак – «Стоп». Няма ні зебры, ні пешаходнага светлафору. Жанчына, пачакаўшы, ідзе напралом, іначай дарогу не пяройдзеш. Адзін з аўтамабілістаў незадаволена сігналіць.

/

Зь перасьцярогай думаю, што так жа пераходзіць дарогу давядзецца й мне. І вось падыходжу да першага напраўду ажыўленага скрыжаваньня.

Карэспандэнт: Зараз – гадзіна-пік. Ніякіх знакаў пераходу дарогі няма, людзі ідуць напралом. Таму нават і ня ведаю. Можа быць, размаўляю з вамі апошні раз. Паспрабую й я перайсьці дарожку… Рызыкоўна, але перайшоў.

У Сан-Хасэ знаёмлюся з аўтамабілістам сэньёрам Эўгеніа, які зубы зьеў на мясцовых правілах дарожнага руху. Выказваю новаму знаёмцу сваё зьдзіўленьне.

Сэньёр Эўгеніа: Людзі прызвычаеныя жыць такім чынам. Яны кіруюць машынамі, як могуць, пераходзяць дарогу, як могуць. Пешаходам застаецца – быць вельмі асьцярожымі. Але часам людзі, якія пераходзяць дарогу, неасьцярожныя, і яны самі правакуюць здарэньні. Таму найлепшы шлях выжыць – адчуваць сябе, нібы ты знаходзішся ў засадзе, заўжды рыхтавацца да абароны. У любы момант можа здарыцца аварыя.

Мясцовая жыхарка, псыхоляг па прафэсіі, навучыла мяне пераходзіць дарогу не на скрыжаваньнях, а далей ад іх, дзе патрапіцца зручная пазыцыя. Такім чынам рызыкуеш меней, бо аўтамабільны паток не такі шчыльны й непрадказальны, як на скрыжаваньнях.

Замежным жа кіроўцам, каб ня трапіць у ДТЗ, сэньёр Эўгеніа раіць наступнае.

Сэньёр Эўгеніа: Найлепшая парада – гэта мець GPS-навігатар і ўвесь час трымаць у галаве, што ў любы момант нешта можа здарыцца. Увесь час ты павінен пільна прыглядацца й думаць. Ты можаш быць добрым кіроўцам, але іншыя могуць аказацца не такімі спрытнымі і ўчыніць аварыю.

Але, шаноўныя эўрапейцы, і навігатар у Сан-Хасэ вас не ўратуе. Рэч у тым, што вуліцы тут пазначаны нумарамі, як авэню ў ЗША. І то ня ўсе. Таму, калі вы дасылаеце сюды ліст, то мусіце напісаць на канвэрце нешта кшталту “Сан-Хасэ, 300 мэтраў на захад ад галоўнай пошты, 200 мэтраў на поўдзень. Сэньёру Радрыгесу Кабальехо”.

/

Аўтамабіліст Эўгеніа таксама перакананы, што называць вуліцы як нумарамі, так і імёнамі нейкіх дзеячаў – дурнота.

Сэньёр Эўгеніа: Мы ня маем назваў вуліц. Мы арыентуемся па каардынатах «усход, захад, поўдзень, поўнач». Напрыклад, прайдзі 300 мэтраў на поўнач, а потым 50 на поўдзень. Некаторыя вуліцы маюць нумары, але ніхто гэтым не карыстаецца – гэта глупства.

Але ня думайце, што аўтамабільнай культуры ў Коста-Рыцы няма. Па шашы за горадам кіроўцы езьдзяць даволі дысцыплінавана. А тыя ж таксісты ў гарадах працуюць куды больш сумленна, чым беларускія. Выбраўшы чырвоную таксовачку, такіх тут большасьць, будзьце ўпэўненыя, што вас наўрад ці надураць. Кожны таксіст уключае лічыльнік. Стартавая лічба – 570 калёнаў, што каля 1 даляра 10 цэнтаў ЗША. Найвялікшая сума, якую мне даводзілася плаціць за праезд на таксоўцы па Сан-Хасэ – гэта чатыры даляры. Праўда, дыстанцыі не былі агромістымі.

/

Яшчэ адна неспадзяванка, якой запомнілася кастарыканская сталіца, гэта невялікая колькасьць старых будынкаў. Аказалася, што кастарыканцы гэтым пытаньнем не замарочваюцца – усё адно калі-небудзь шыкоўны будынак можа быць зруйнаваны землятрусам.

Бачу перад сабой маленькі гатэль, разьмешчаны ў дамку пачатку 20-га стагодзьдзя. Такі сабе ўтульны гішпанскі каляніяльны стыль. Але падобныя будынкі ў Сан-Хасэ – рэдкасьць.

/

Затое зьдзіўляе стаўленьне кастарыканцаў да прыроды. 25% тэрыторыі краіны – гэта нацыянальныя паркі, з экзатычнымі жывёламі, дзікімі пляжамі й шыкоўнымі аглядальнымі пляцоўкамі. Нацыянальны парк можа паўстаць перад вамі неўзабаве за тэрыторыяй вялікага гораду.

На наступны дзень пасьля візыту ў Сан-Хасэ трапляю ў нацыянальны парк Мануэль Антоніа. Кавярняў, крамаў і гатэляў на ахоўваных тэрыторыях няма. Таму застаецца адно – атрымліваць асалоду ад сьпеваў птушак і аглядаць маляўнічыя ваколіцы.

Па дарозе на адну з пляцовак сустракаю гішпанскіх турыстаў:

Гішпанскія турысты: Калі падняцца па лесьвіцы наверх – вы пабачыце афіцыйную аглядальную пляцоўку. А вось калі спусьціцеся адтуль правей уніз, мэтраў на 100, пабачыце неафіцыйную, яшчэ больш прыгожую.

Накіроўваюся па неафіцыйным маршруце й любуюся голай прыродай. Па дарозе сустракаю амаль ручнога мапачэ – дзікага кастарыканскага ката – і кастарыканскую малпачку, зь белай пыскай.

/

Гэта арыгінальная малпачка – адзін зь фірмовых знакаў Коста-Рыкі – незвычайнай, утульнай і тэмпэрамэнтнай лацінаамэрыканскай краіны.

/

Аляксандар Парошын,

Спэцыяльна для Беларускай службы Польскага радыё,

Сан-Хасэ-Мануэль Антоніа

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт