Logo Polskiego Radia
Print

У чым кастарыканцы спаборнічаюць з палякамі?

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 11.04.2012 13:47
  • Рэлігія ў Коста-рыка.mp3
Пра пышныя кастарыканскія касьцельныя шэсьці распавядае Аляксандар Парошын.

Калі спытацца ў любога лацінаамэрыканца пра наш эўрапейскі рэгіён, то амаль ніхто ня ведае краіну Беларусь. Дзівяцца такому пытаньню нават супрацоўнікі кастарыканскай міграцыйнай службы, блытаючы Беларусь з Барбадосам.
А вось пра Польшчу ведаюць пераважна людзі рэлігійнай скіраванасьці.
Кастарыканцы, натуральна, паважаюць славутага паляка Яна Паўла Другога. Яшчэ людзі, блізкія да касьцёла, ведаюць пра кансэрватыўнасьць і рэлігійнасьць палякаў. У прыватных размовах кастарыканцы прэтэндуюць на тое, каб быць яшчэ больш рэлігійнымі людзьмі за землякоў Яна Паўла Другога.

/

Так пачынаецца рэлігійны парад у Сан-Хасэ, прымеркаваны да Велікодных сьвятаў. Удзельнікі шэсьця апрануты ў багатыя кінематаграфічныя ўборы часоў пачатку хрысьціянства. Вось дзясяткі рымскіх легіянэраў, біблійныя героі, анёлы, вялікая скульптура Хрыста на імправізаваным перанасным пастамэнце…

/

Пастаноўку цягам некалькіх месяцаў рыхтавалі прафэсійныя рэжысэры. Дзею трансьлююць па нацыянальным тэлебачаньні.

Адзін з галоўных каталіцкіх ерархаў краіны таксама ўдзельнічае ў сцэнках. Ён зачытвае словы Хрыста зь Бібліі. Тэкст іншых герояў, зь якімі Езус сустракаўся, зачытваюць акторы мясцовых тэатраў.

/

Бясьпеку падчас параду забясьпечваюць сотні паліцэйскіх. Што кідаецца ў вочы, людзі ў форме ставяцца да грамадзян вельмі паважліва, як кажуць, па хрысьціянску. Дазваляюць фатаграфаваць герояў сцэнак з амаль мэтровай адлегласьці. А калі народ трэба пасунуць на мэтар-другі, людзі ў форме просяць грамадзян даць заднюю перадачу надзвычай інтэлігентна.

Сэньёры й сэньярыты, якія прыходзяць на такія рэлігійныя парады, усімі сіламі мкнуцца таксама непасрэдна паўдзельнічаць у мерапрыемстве.

Зазвычай у шыкоўныя ўборы яны апранаюць маленькіх дзетак. Асабліва папулярныя касьцюмчыкі анёлаў і боскіх прарокаў.

/

/

Паступова рэлігійнае шэсьце перамяшчаецца ў касьцёлы. І падчас сьвятаў, і ў звычайныя дні храмы ў Коста-Рыцы запоўнены прыхаджанамі.

/

Падобныя, як рэлігійны велікодны парад, мерапрыемствы праводзяцца ня толькі ў сталіцы. Кожнае мястэчка імкнецца арганізаваць нешта сваё.

І вось прама ў гатэлі гарадка Сан-Рамон я чую аркестар.

У галаве калёны ідуць музыкі. У цэнтры шэсьця – нясуць скульптуры Божай Маці й Езуса Хрыста. А ў канцы калёны едзе грузавік, з сучаснай музыкай. І людзі, маладыя й пажылыя, выплясваюць пад гэта рокавае гучаньне.

Часта такія рэлігійныя гуляньні ў Коста-Рыцы працягваюцца тры-чатыры дні, кожны зь якіх суправаджаецца нейкім экшнам.

Пры гэтым у сьвяточныя дні прадаваць алькаголь забаронена нават у гэтак званых начных крамах.

Аляксандар Парошын,
спэцыяльна для Беларускай службы Польскага радыё,
Сан-Хасэ, Коста-Рыка


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт