Logo Polskiego Radia
Print

Што ведаюць пра Беларусь кастарыканцы?

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 17.04.2012 17:57
  • 17.04_Коста-Рыка.mp3
Ці магчыма знайсьці на амэрыканскіх кантынэнтах нейкія падабенствы зь Беларусьсю?

/

У Коста-Рыцы дык дакладна магыма!

На некаторых мясцовых банкнотах намаляваны жывёлкі, як некалі на беларускіх “зайчыках”. Цэнтральная частка нацыянальнага сьцягу – бел-чырвона-белая.

Але пра беларусаў кастарыканцы ведаюць няшмат. Пра гэта адразу робіцца зразумела, калі, рэгіструючыся на самым папулярным мясцовым сайце па продажы авіяквіткоў, я не знаходжу Беларусі.

Цікава, ці ведаюць хоць што-небудзь пра “сінявокую” звычайныя кастарыканцы?

Выхавацелька дзіцячага садка Джызэль бачыла Беларусь толькі па ТВ.

Джызэль: Шмат я пра Беларусь ня ведаю, але бачыла вашу краіну па тэлебачаньню. Даволі прыгожыя пэйзажы. Але нічога пра палітыку я ня ведаю, на жаль. Я бачыла фотаздымкі зь Беларусі, чула пра краіну, калі ўнучка праходзіла геаграфію ў школе.

Грэтэль, якая працуе мэнэджэрам у турыстычнай кампаніі, вельмі зьдзівілася, калі даведалася, што да яе зьвяртаецца беларускі журналіст.

Грэтэль: Ніколі пра Беларусь ня чула, я выбачаюся, вы першы, каго я бачу адтуль. Я зьдзіўленая, што вы сюжы даехалі. Гэта велізарная рэдкасьць – мець беларускіх турыстаў.

Рэклямшчык з Сан-Хасэ Эдуарда тлумачыць прычыны, чаму ў Коста-Рыцы навіны зь Беларусі рэдка карыстаюцца попытам.

Эдуарда: Калі казаць шчыра, то ведаем мы вельмі мала. Дыстанцыя вельмі вялікая. І ня толькі зь Беларусі, зь любых эўрапэйскіх краін інфарацыя сюды прыходзіць рэдка. Таксама мы адчуваем, што ў палітычным пляне мы таксама зь Беларусьсю вельмі адрозьніваемся. Можа быць, гэта прычына, чаму мы мала ведаем адно пра аднаго. Вам патрэбна прамоцыя – Коста-Рыкі, нам – прамоцыя Беларусі.

Дырэктар школы сучасных танцаў Даніэла ўпершыню пачула пра беларускую сталіцу Менск у амэрыканскай ТВ-праграме.

Даніэла: Упершыню я пачула пра Менск у знакамітым тэлешоў ЗША – “Фрэндз”. Адзін з пэрсанажаў, хлопец адной з галоўных гераінь, з’язджаў кудысьці вельмі далёка, вучыў замежную мову. Ён з’язджаў у Менск. І многія героі шоў палічылі, што Менск – гэта самае далёкае месца на зямлі адносна ЗША.

Даніэла лічыць, што няўвага да некаторых рэгіёнаў зямлі – гэта ўпушчэньне ў выхаваньні й прыкмета прабелаў у адукацыі.

Даніэла: У Лацінскай Амэрыцы пра Беларусь ведаюць мала. На нашых уроках гісторыі мы вучым толькі пра Расею. І гэта сорамна, таму што мне падаецца, што такія краіны, як Беларусь, маюць уплыў на сусьветную гісторыю, маюць свае традыцыі. Людзям было б цікава ведаць нешта больш пра гэты рэгіён.

Аляксандр Парошын,

спэцыяльна для Беларускай службы Польскага радыё,

Сан-Хасэ, Коста-Рыка

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт