Logo Polskiego Radia
Print

Менск ператвараецца ў важнага гульца на рынку зброі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.10.2016 21:42
  • Менск ператвараецца ў важнага гульца на рынку зброі.mp3
Беларускі ВПК зьмяншае супрацоўніцтва з Расеяй і павялічвае – з Кітаем і Ўкраінай.
Першае выпрабаваньне сыстэмы залпавага агню "Палянэз" на тэрыторыі Беларусі. Фота: voentv.mil.byПершае выпрабаваньне сыстэмы залпавага агню "Палянэз" на тэрыторыі Беларусі. Фота: voentv.mil.byvoentv.mil.by

Беларусь вырабляе шматлікія элемэнты ўзбраеньняў, але ўласнай вытворчасьці баявых машынаў у краіне да нядаўняга часу не было. Сытуацыя рэзка зьмянілася ў апошнія гады. Менск пачаў вырабляць цяжкія рэактыўныя сыстэмы, беспілётнікі й бронемашыны. Пляны ў Беларусі яшчэ больш амбітныя – кажуць вайсковыя экспэрты. Чаму Менск вырашыў разьвіваць уласную абаронную вытворчасьць? З кім і для каго ён будзе вырабляць вайсковую тэхніку? На гэтыя пытаньні адказваюць беларускія экспэрты Андрэй Паратнікаў і Аляксандар Алесін. На VI Mіжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі, якія нядаўна завяршыўся ў летувіскім Коўне, яны расказалі, у якім кірунку разьвіваецца беларускі ВПК.

Стварэньне Беларусьсю цяжкой рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз» стала міжнароднай сэнсацыяй. Аднак зроблены ў супрацоўніцтве з Кітаем «Палянэз» – гэта толькі вяршыня айсбэргу, кажуць вайсковыя экспэрты. Насамрэч Беларусь пачала разьвіваць ракетныя тэхналёгіі ды зьмяншаць вайсковую залежнасьць ад Расеі яшчэ 10 гадоў таму.

Разьвіваць уласны вайскова-прамысловы комплекс Менск падштурхнула як вострая патрэба ў валюце, так і адмова Масквы прадаваць суседзям зброю, здольную значна ўзмацніць іх абаронны патэнцыял і зьменшыць залежнасьць ад Расеі. Напрыклад, рашэньне стварыць «Палянэз» было прынятае пасьля таго, як Крэмль адмовіўся перадаць Беларусі тактычныя ракеты «Искандер» – кажа кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паратнікаў.

/

Андрэй Паратнікаў: Штуршком да гэтага стала супадзеньне некалькіх фактараў. Па-першае, ваенная вытворчасьць і гандаль зброяй – гэта вельмі прыбытковы напрамак дзейнасьці. Па-другое, існуе аб’ектыўная патрэба пераўзбраеньня нацыянальнага войска, а ўнутраныя фінансавыя рэсурсы застаюцца абмежаванымі. Таму беларускія ўлады пачалі рабіць стаўку на разьвіцьцё нацыянальнага ВПК. Трэці фактар зьвязаны з не заўсёды сяброўскай пазыцыяй Расеі. Яна вельмі неахвотна перадавала й перадае тыя тэхналёгіі і абсталяваньне, якое ў стане значна павялічыць баяздольнасьць беларускага войска.

Паступова адыходзіць ад вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй Менск прымушаюць ня толькі палітычныя прычыны, але й нядобрасумленная канкурэнцыя расейскіх заводаў. Расейскія абаронныя канцэрны выштурхоўваюць беларускія прадпрыемствы з расейскага і міжнароднага рынкаў – кажа вайсковы аглядальнік парталу naviny.by Аляксандар Алесін.

/

Аляксандар Алесін: Прыкрываючыся расейскімі плянамі імпартазамяшчэньня, нядобрасумленныя канкурэнты спрабуюць выштурхнуць нашыя прадпрыемствы з расейскага рынку пры дапамозе адміністрацыйнага рэсурсу. Яны кажуць: «Няхай расейскія вырабы даражэйшыя й горшыя, але мы становімся незалежнымі ад патэнцыйна небясьпечнага партнэра, які, як Украіна, можа ўбіць нам нож у сьпіну і ўцячы на Захад». Я лічу, што прычыны такіх паводзінаў расейскіх кампаніяў нават не палітычныя, а перадусім эканамічныя. Буйныя расейскія манаполіі ня ў стане вырабляць канкурэнтаздольны тавар, таму зьвяртаюцца па дапамогу да сваёй дзяржавы.

Вайна ва Ўкраіне стала апошнім довадам, які пераканаў беларускі ўрад у тым, што Беларусь павінна вырабляць ня толькі кампанэнты, але й цэлыя сыстэмы ўзбраеньня – лічыць Аляксандар Алесін.

Аляксандар Алесін: Лукашэнка зразумеў, што калі займацца толькі продажам савецкіх арсэналаў і не займацца распрацоўкай новага ўзбраеньня, якое дапаможа пратрымацца хоць нейкі час, пакуль міжнародная супольнасьць ня ўспомніць пра нас, то Беларусь спасьцігне лёс Украіны. Я думаю, канфлікт Ва Ўкраіне стаў вырашальным аргумэнтам на карысьць распрацоўкі летальнай зброі – такой, як «Палянэз».

Экспартнымі хітамі вайскова-прамысловага комплексу Беларусі здаўна лічыцца электроніка й вытворчасьць шасі. Варта прыгадаць, што расейскія тактычныя ракетныя комплексы «Искандер» і стратэгічныя ракеты «Тополь» перасоўваюцца на плятформах вытворчасьці Менскага заводу колавых цягачоў – кажа экспэрт Belarus Security Blog Андрэй Паратнікаў.

Андрэй Паратнікаў: Беларускімі брэндамі мы можам назваць абсталяваньне для дыстанцыйнага зандаваньня зямлі, якое вельмі актыўна выкарыстоўваецца ў расейсіх і кітайскіх спадарожніках. Таксама беларускі брэнд – гэта аўтаматычныя сыстэмы кіраваньня сыстэмамі ўзбраеньня, радыёлякацыйныя станцыі, сыстэмы радыёэлектроннай барацьбы й радыёэлектроннай выведкі. Гэта грузавая аўтатэхніка – асабліва спэцыяльныя шасі Менскага заводу колавых цягачоў і гусенічныя шасі Менскага трактарнага заводу. Посьпехам на замежных рынках карыстаецца таксама беларуская оптыка.

Хутка экспартная лінейка беларускіх абаронных заводаў можа значна пашырыцца. Беларускі ўрад паставіў задачу наладзіць выпуск уласных беспілётнікаў, супрацьпаветраных і супрацьтанкавых комплексаў, цяжкіх сыстэмаў залпавага агню, а магчыма нават і тактычных ракетных комплексаў – паведамляе Андрэй Паратнікаў.

Пакістан
Пакістан валодае тэхналёгіямі вытворчасьці крылатых ракетаў. На здымку - пакістанскі комплекс Babur, аналяг амэрыканскіх ракетаў Tomahawk. Фота: commons.wikimedia.org/Skybolt101/CC BY-SA 3.0

Андрэй Паратнікаў: Беларусь разьвівае беспілётную авіяцыю. Ёсьць амбіцыі пабудаваць уласны ўдарны беспілётнік. Па-другое, гэта колавая лёгкая бронетэхніка. Па-трэцяе гэта ракетная тэхніка розных тыпаў. Па-чацьвёртае, Беларусь намераная наладзіць выпуск рабатызаваных плятформаў – сухапутных робатаў.

Дзе Менск знойдзе рынак для свайго ўзбраеньня? Беларусь здаўна пастаўляе зброю ў тыя краіны, якія не жадаюць ці ня могуць купляць зброю ў вялікіх дзяржаваў – ЗША ці Расеі. Пэрспэктыўным рынкам для беларускіх ракетных комплексаў і сыстэмаў кіраваньня боем можа стаць як Цэнтральная, так і Ўсходняя Азія – лічыць Аляксандар Алесін.

Аляксандар Алесін: Адзін з нашых самых буйных замоўшчыкаў – Казахстан. Ён замовіў у нас мадэрнізацыю эскадрыльлі Су-27, мадэрнізацыю зэнітных ракетных комплексаў С-125. Нашым буйным кліентам зьяўляецца Кыргызстан. Прадпрыемства «Мінатор-Сэрвіс» за некалькі гадоў мадэрнізавала некалькі соцень бронетранспарцёраў у Эгіпце. Сярод патэнцыйных кліентаў – Віетнам, які можа купляць беспілётныя самалёты-разьведчыкі. На гарызонце таксама зьявіўся Пакістан. Ён можа стаць буйным спажыўцоў сыстэмаў «Палянэз», радараў, сыстэмаў радыёэлектроннай барацьбы.

Прыклад
Прыклад украінска-беларускага супрацоўніцтва - супрацьтанкавы комплекс "Шэршань". Фота: commons.wikimedia.org/Scientific Research and Production Center/CC0


Беларусь жадае зьменшыць залежнасьць ад Расеі ў сфэры вытворчасьці ўзбраеньня ды паставак для ўласнай арміі. Калі роля Масквы будзе паступова зьмяншацца, то Беларусь усё актыўней будзе вырабляць зброю разам з такімі краінамі як Кітай, Украіна, Турцыя й Пакістан – мяркуе Андрэй Паратнікаў. З Украінай Беларусь жадае рабіць супрацьтанкавыя комплексы. У Кітая Менск хоча атрымаць тэхналёгіі вытворчасьці балістычных тактычных ракетаў а ў Пакістана – тэхналёгіі вытворчасьці крылатых ракетаў.

Аднак прадказаць, якія краіны стануць ключавымі партнэрамі па вытворчасьці зброі, пакуль цяжка. Выбар партнэраў залежыць не ад эканамічнай ці тэхналягічнай мэтазгоднасьці, а ў першую чаргу ад узроўню палітычных адносінаў – зазначае Андрэй Паратнікаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт