Logo Polskiego Radia
Print

Агаворка па Фрэйдзе: Макей пераблытаў ракеты «Тор» з «Іскандэрамі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.10.2016 18:57
  • Агаворка па Фрэйзе Макей пераблытаў ракеты «Тор» з «Іскандэрамі».mp3
Тактычных ракетаў расейскай вытворчасьці ў Беларусі няма, але могуць зьявіцца ўкраінскія...
Апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М» у транспартным становішчыАпэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М» у транспартным становішчыcommons.wikimedia.org/Vitaly V. Kuzmin/CC BY-SA 4.0

Беларусь закупіла ракетныя комплексы «Іскандэр» у Расеі – заявіў у нядаўнім інтэрвію для буйной польскай газэты «Rzeczpospolita» міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей. Аднак з усіх афіцыйных крыніцаў вядома, што тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр» Беларусь ня мае. Што меў на ўвазе Ўладзімер Макей? Ці могуць у Беларусі зьявіцца грозныя ракеты расейскай вытворчасьці? Адказы на гэтыя пытаньні шукаў Аляксандар Папко.

«Мы закупілі некалькі батарэяў «Іскандэраў» для аховы сыстэмы СПА С-300, у рамках ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й Расеяй», – заявіў у інтэрвію газэце «Rzeczpospolita» Ўладзімер Макей. Заява магла б быць сэнсацыйнай, калі б не некаторыя акалічнасьці. У апошнія гады Расея не заяўляла пра намеры прадаць Беларусі «Іскандэры». Ды й тактычныя ракеты служаць зусім не для прыкрыцьця супрацьпаветраных комплексаў.

Міністэрства замежных справаў Беларусі заявы Ўладзімера Макея не пракамэнтавала.

Дзьмітры Мірончык, прэс-сакратар МЗС: Прэс-служба ніколі не займаецца ўдакладненьнем таго, што сказаў міністар замежных справаў у сваіх інтэрв’ю. Што тычыцца пытаньня закупкі ўзбраеньняў, то ім займаецца Міністэрства абароны.

Што меў на ўвазе міністар замежных справаў, гаворачы пра «Іскандэры» ў Беларусі, не растлумачылі нам і ў Міністэрстве абароны.

Уладзімер Макараў, прэс-сакратар Міністэрства абароны: Выбачаемся, але ніякіх камэнтароў ваеннае ведамства не дае.

Уладзімер Макей агаварыўся – тлумачыць незалежны вайсковы аналітык Сяргей Франчук. Відавочна, міністар меў на ўвазе зэнітна-ракетныя комплексы «Тор М2», якія Беларусь актыўна купляе ў Расеі ў апошнія гады.

Сяргей Франчук: Ракетаў «Іскандэр» у Беларусі няма. Ва ўсялякім выпадку, ніякіх прыкметаў іх знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі не назіраецца. Аднак выглядае дзіўным, што ваенны чалавек (а Ўладзімер Макей на працягу 12 гадоў праходзіў службу ў Галоўным разьведвальным упраўленьні Генэральнага штабу Савецкай Арміі) пераблытаў узор наступальнага ўзбраеньня з сыстэмай супрацьпаветранай абароны. Я мяркую, што ён меў на ўвазе зэнітна-ракетныя комплексы малой дальнасьці «Тор М2», якія Беларусь у апошнія 5 гадоў актыўна купляе ў Расеі.

Зэнітна-ракетны
Зэнітна-ракетны комплекс Тор-М2К на шасі Менскага заводу колавых цягачоў. Фота: commons.wikimedia.org/ Allocer/ CC BY-SA 3.0


Памылковая заява пра тое, што Беларусь набыла ў Расеі «Іскандэры», магла быць агаворкай па Фрэйдзе. Сапраўды, ад пачатку 2000-х гадоў беларускі ўрад неаднаразова, але беспасьпяхова спрабаваў набыць у Расеі гэтыя комплексы.

Расейскія ўлады забаранілі сваім абаронным канцэрнам экспартаваць гэтыя сучасныя тактычныя ракеты, здольныя несьці ядзерны зарад – зазначае Сяргей Франчук. Масква ня хоча ані дзяліцца вайсковымі сакрэтамі, ані даваць гэтую зброю ў непажаданыя рукі. Расея не пагадзілася прадаць «Іскандэры» ня толькі Беларусі, але й Саудаўскай Аравіі ды некаторым іншым краінам.

Сяргей Франчук: Апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр» знаходзіцца ў сьпісе ўзораў вайсковай тэхнікі, забароненых для экспарту. Сама Расея пакуль ня вырашыла пытаньня экспарту на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства. Цікавым прыкладам тут можа быць меркаваная пастаўка «Іскандэраў» у Армэнію. З аналізу адкрытых крыніцаў інфармацыі вынікае, што ў Армэніі знаходзяцца расейскія ракетныя комплексы з расейскімі экіпажамі. Проста на машыны нанесены стандартны камуфляж армянскай арміі. А насамрэч яны належаць 102 расейскай вайсковай базе на тэрыторыі Армэніі.

Абмоўка Ўладзімера Макея пра разьмяшчэньне «Іскандэраў» у Беларусі магла справакаваць нэрвовую рэакцыю эўрапейскіх СМІ. Кожная навіна пра перамяшчэньне гэтых ракетаў на Захад у Эўропе ўспрымаецца з трывогай. У пачатку кастрычніка Расея перакінула «Іскандэры» з Ленінградзкай вобласьці ў Калінінград, што выклікала занепакоенасьць урадаў многіх краінаў.

Сяргей Франчук: Разьмяшчэньне ракетных комплексаў «Іскандэр» на тэрыторыі Калінінградзкай вобласьці дазваляе расейскай арміі паражаць цэлі на тэрыторыі Заходняй, Цэнтральнай. Паўднёвай і Паўночнай Эўропы – за выключэньнем Гішпаніі й Партугаліі. Гэты комплекс можа весьці агонь як аэрабалістычнымі ракетамі з максымальнай дальнасьцю стральбы ў 700 кілямэтраў, так і крылатымі ракетамі з максымальнай дальнасьцю стральбы ня менш за 2 тысячы кілямэтраў. Таму гэтая навіна й выклікала перапалох. Прыярытэтнымі мэтамі для гэтых ракетаў будуць пускавыя ўстаноўкі амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны, якія будуюцца цяпер у пасёлку Рэдзікова ля балтыйскага ўзьбярэжжа Польшчы. Акрамя таго, Расея завяршае перадысьлякацыю ў Балтыйскае мора двух ракетных караблёў, узброеных крылатымі ракетамі «Калібар».

Можна сьмела сьцьвярджаць, што Расея ператварае Калінінградзкую вобласьць у пазыцыйны раён для крылатых і балістычных ракетаў, якія могуць наносіць удары па тэрыторыі Эўропы на адлегласьці да 2 тысячаў кілямэтраў. У тым ліку, яны могуць наносіць удары спэцыяльнымі – ядзернымі – баявымі часткамі.

На думку некаторых вайсковых аналітыкаў, менавіта адмова Масквы пастаўляць у Беларусі «Іскандэры» прымусіла Менск стварыць рэактыўную сыстэму залпавага агню «Палянэз» з дальнасьцю стральбы каля 200 кілямэтраў.

Аднак «Палянэз» ня можа замяніць тактычных ракетаў. Таму Менск не пахаваў пляны атрымаць ракетнае ўзбраеньне. Больш за тое, ён спрабуе іх рэалізаваць у супрацоўніцтве з Украінай. На працягу гэтага году неаднаразова зьўлялася інфармацыя пра тое, што Кіеў і Менск распрацоўваюць уласны тактычны ракетны комплекс пад назвай «Гром-2».

Праект
Праект апэратыўна-тактычнага комплексу «Гром-2», які распрацоўваецца ва ўкраінскім Дняпры. Фота: wartime.org.ua

Сяргей Франчук: Параўноўваць РСЗА з АТРК – гэта ўсё роўна, што параўноўваць аўтамат са снайпэрскай вінтоўкай. Казаць пра тое, што Менск адмовіўся ад плянаў набыць тактычныя ракетныя комплексы рана. Больш за тое, ёсьць абрывачныя зьвесткі пра тое, што Беларусь сумесна з Украінай удзельнічае ў распрацоўцы новага апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу. Ён прызначаецца як для ўкраінскай, так, магчыма, і для беларуска арміі.

Ці зьявяцца грозныя расейскія тактычныя ракеты на беларускай зямлі? Гэта магчыма ў двух выпадках – кажа Сяргей Франчук. Калі канфлікт паміж паміж Расеяй і Захадам рэзка абвастрыцца, то Крэмль можа прымусіць Менск выступіць на сваім баку. Тады ў Беларусі могуць зьявіцца ракеты расейскай арміі. Масква таксама можа зьняць забарону на экспарт «Іскандэраў». Тады беларускія ўлады зьдзейсьняць сваю даўнюю мару атрымаць ракетную «дубінку» расейскай вытворчасьці.

«Аднак я схіляюся да думкі, што ўкраінска-беларускі праект будзе рэалізаваны хутчэй, чым Расея паставіць «Іскандэры» ў Беларусь», – падсумоўвае Сяргей Франчук.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт