Logo Polskiego Radia
Print

«Пытаньні цаны на газ і вайсковай базы зноў усплывуць»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 08.12.2017 18:43
  • «Пытаньні цаны на газ і вайсковай базы зноў усплывуць».mp3
Палітоляг Андрэй Ляховіч перакананы, што пасьля таго, як у Расеі пройдуць выбары і футбольны чэмпіянат, Масква ўзновіць ціск на Менск.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Пасьля таго, як у Расеі скончацца прэзыдэнцкія выбары й пройдзе Чэмпіянат сьвету па футболе, рознагалосьсі паміж Масквой і Менскам разгарацца з новай сілай. Красавіцкія пагадненьні аб пастаўцы энэрганосьбітаў, заключаныя пасьля самай доўга расайска-беларускай нафтагазавай спрэчкі, могуць быць пастаўленыя пад сумнеў. Пра гэта заявіў у Варшаве беларускі палітоляг Андрэй Ляховіч. Перад экспэртамі, якія сабраліся ў Беларускім доме, ён выступіў з дакладам «Асноўныя тэндэнцыі ўнутранай і зьнешняй палітыкі Беларусі». Ці варта чакаць эканамічных рэформаў? Як у будучым годзе будуць складвацца адносіны Масквы й Менска? Сваімі прагнозамі Андрэй Ляховіч дзеліцца з Аляксандрам Папко.

Спадар Андрэй, падчас свайго выступленьня вы казалі, што ў беларускім кіраўніцтве можна вылучыць дзьве групы – крыло эканамістаў і крыло сілавікоў. Раскажыце, калі ласка, хто належыць да гэтых лягераў і ў чым яны бачаць свае інтарэсы?

Андрэй Ляховіч: У беларускім кіраўніцтве ёсьць група, якая разумее неабходнасьць сур’ёзных эканамічных рэформаў і нават зьвязаных з гэтым палітычных крокаў – напрыклад, увядзеньне незалежнага суду. Гэтыя ідэі выказваюць віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі, старшыня нацыянальнага банку Павал Калаўр, былы дарадца кіраўніка Беларусі па эканоміцы Кірыл Руды. Гэтых людзей можна назваць рэфарматарамі – яны разумеюць, што цяперашняя эканамічная мадэль у Беларусі абсалютна вычарпала свой рэсурс. Яна ня ў стане генэраваць эканамічны рост.

Што тычыцца групы сілавікоў – то яе прадстаўляе кіраўніцтва КДБ і МУС. Перш за ўсё гэта Валеры Вакульчык і Ігар Шуневіч. Яны стараюцца захаваць свае паўнамоцтвы. У дадатак, рэформы тармазіць вялікі страх Лукашэнкі перад рэвалюцыямі. Ён перакананы, што эканамічныя рэформы ў Беларусі прывядуць да руйнаваньня сыстэмы палітычнага кантролю. Напрыклад, калі прадпрыемствы прыватызуюць, то іх працаўнікоў будзе цяжка гнаць на выбары, цяжка звальняць па палітычных матывах, а выбары будзе цяжэй фальсыфікаваць. Таму найбольш верагодны сцэнар на наступны год – гэта захаваньне стстусу-кво. Рэформаў ня будзе, нягледзячы на тое, што эканамічная сытуацыя ў Беларусі вельмі, вельмі кепская.

Як будуць разьвівацца адносіны з Расеяй? Ці тыя нафтагазавыя пагадненьні, якія былі падпісаныя ў пачатку 2017 году, былі канчатковымі? Ці Беларусь надалей захавае нафтавыя і газавыя субсыдыі, пасьля таго, як у Расеі пройдуць прэзыдэнцкія выбары й Чэмпіянат сьвету па футболе?

/

Андрэй Ляховіч: Я думаю, што гэтыя дамовы мелі часовы характар. Добрыя для Беларусі ўмовы паставак нафты, абяцаньні паменшыць цану на газ – гэта была цана, якую Крэмль заплаціў Лукашэнку за маўчаньне пра праблемы, якія існуюць у расейска-беларускіх адносінах. Гэта было патрэбна Крамлю перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Пасьля таго, як яны пройдуць, вельмі верагоднае новае пагаршэньне адносінаў. Расея адновіць ціск на Менск па пытаньнях пашырэньня расейскай вайсковай прысутнасьці, продажу прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу, а таксама, магчыма, па пытаньні стварэньня агульнай візавай прасторы. Расея хоча атрымаць такі варыянт пагадненьня, які б дазваляў расейскаму боку кантраляваць усе кантакты Беларусі з Захадам.

На працягу гэтага году гучала шмат заяваў пра тое, што Беларусь можа страціць незалежнасьць – напрыклад, у выніку вучэньняў «Захад-2017». Што мы можам прагназаваць на наступны год? Ці расейскае кіраўніцтва прывяжа намёртва Беларусь у эканамічным пляне, ці створыць сваю вайсковую базу на тэрыторыі Беларусі?

Андрэй Ляховіч: Расея – вельмі слабая краіна з сыравіннай эканомікай. ВУП Расеі ў на працягу 2013-2016 гадоў зьменшыўся ў 2 разы. Экспарт таксама ўпаў у 2 разы. Таму я цалкам выключаю магчымасьць, што Расея захопіць Беларусь вайсковым шляхам. Максымум, што можа зрабіць Расея – гэта прывязаць да сябе Беларусь праз тое, што ў Крамлі традыцыйна называюць «сапраўднай інтэграцыяй». Гэта набыцьцё беларускіх прадпрыемстваў, пашырэньне расейскай вайсковай прысутнасьці. Аднак гэтыя крокі Расеі будуць сустракацца зь вельмі жорсткім супрацівам Лукашэнкі, якія ня хоча быць залежным ад Расеі да такой ступені, каб Масква магла яго лёгка замяніць. Я ня думаю, што ў будучым годзе Расея зможа навязаць Лукашэнку свой фармат адносінаў.

Вы казалі пра тое, што эканамічных рэформаў, як і паляпшэньня эканамічнай сытуацыі ў Беларусі ў будучым годзе не прадбачыцца. Што рабіць у такой сытуацыі звычайнаму беларусу?

Андрэй Ляховіч: Я бы параіў звычайнаму беларусу арыентавацца на ўласныя сілы, на ўласныя ўменьні, на ўласныя магчымасьці самарэалізацыі, забесьпячэньня сваёй сям’і й не спадзявацца на тое, што ўлады дадуць яму нейкія грошы. Паляпшэньня ўласнай сытуацыі чалавек можа дабіцца сёньня толькі ўласнай працай. На дзяржаву спадзявацца ня варта.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт