Logo Polskiego Radia
Print

Улады палічылі ўсталяваньне „дошкі БНР” у Менску немэтазгодным

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.03.2019 08:11
Пра адказ на свой зварот паведаміў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада” Ігар Барысаў.
Паштоўка, 1918-1920 гг.Паштоўка, 1918-1920 гг.wikimedia commons/public domain

Менгарвыканкам адмовіўся ўсталяваць раней узгодненую мэмарыяльную дошку на доме, дзе 100 гадоў таму была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пра адказ на свой зварот ад намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Арцёма Цурана паведаміў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Грамада” Ігар Барысаў.

Усталёўваць шыльду ўлады палічылі немэтазгодным „на дадзены момант”.

Чаму наконт „дошкі БНР” пішуць звароты?

У верасьні выканкам напісаў, што павесіць дошку перашкаджае „шэраг зваротаў ад грамадзян”. Пасьля гэтага пэтыцыю за ўсталяваньне дошкі падпісалі больш за 3000 чалавек. Журналіст Севярын Квяткоўскі папрасіў удакладніць, хто менавіта напісаў звароты супраць усталяваньня й колькі іх было. Выканкам адказаў, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя.

Таксама блёгер Максім Ляшко двойчы прасіў Менгарвыканкам адказаць, колькі зваротаў было за ўсталяваньне дошкі, а колькі супраць. Выканкам адказаў пра больш як 3000 подпісаў „наконт памятнай дошкі”, колькі за, а колькі супраць — не ўдакладняецца. Падобны адказ атрымаў арганізатар Дня Волі і бізнэсовец Павал Белавус.

У сакавіку 2018 году кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію й крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.

Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны. Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступнага году.
Летась пэтыцыя сабрала 941 подпіс за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных зь гісторыяй БНР.

Ініцыятар усталяваньня „дошкі БНР”, старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў, што больш займацца дошкай ня будзе, бо „ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне”.

svaboda.org/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт