Logo Polskiego Radia
Print

У Менску канфіскавана самая буйная партыя спайсу

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 29.11.2013 13:00
Зь незаконнага наркаабароту канфіскавана зельля больш як на 10 млрд. рублёў.

Падчас апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі ўпраўленьня наркакантролю ГУУС Менгарвыканкама канфіскавана самая буйная для сталіцы партыя спайсу й выяўлена лябараторыя па яго вырабе.

Як паведамляе ГУУС, вечарам 28 лістапада былі затрыманы двое братоў-менчан 1989 і 1990 гадоў нараджэньня. У іх гаражы была выяўлена буйная партыя гатовай курыльнай сумесі (больш за 3,9 кг), аснова для яе вырабу (больш за 70 кг), вялікая партыя хімічных прэкурсораў (больш за 2,5 кг), з дапамогай якіх вырабляўся спайс, а таксама лябараторыя па яго вытворчасьці.

Акрамя спэцыяльнага абсталяваньня для вытворчасьці і ўпакоўкі была выяўлена вадкасьць з утрыманьнем спірту для вырабу міксаў, сыстэма паветраадводу, вялікая колькасьць пакецікаў для фасоўкі.

Як паведамілі ва ўпраўленьні наркакантролю й процідзеяньня гандлю людзьмі (УНіПГЛ) ГУУС, затрыманыя выраблялі спайс буйнымі партыямі й распаўсюджвалі гатовы прадукт больш дробным збытчыкам, якія прадавалі яго непасрэдна спажыўцам.

Непасрэдна ў дзень затрыманьня малодшаму з братоў быў вынесены прысуд за ўчыненьне аналягічнага дзеяньня. Ён быў прыгавораны да пакараньня, не звязанага з пазбаўленьнем волі, і адпушчаны з залы суда (да суда ўтрымліваўся пад вартай).

БелаПАН/nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт