Амаль 150 разоў за апошнія суткі гарэла трава
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
11.03.2015 12:39
За мінулыя суткі зарэгістравана 146 пажараў травы й кустоў на агульнай плошчы 77,3 га. Ёсьць ахвяры.
PAP/Tomasz Wojtasik
Усе пажары ліквідаваныя. Больш за ўсё ўзгараньняў адзначана ў паўднёвых абласьцях. У Берасьцейскай вобласьці адбыліся 67 пажараў, у Гомельскай вобласьці - адбыліся 53 пажары травы й кустоў.
На жаль, ёсьць і ахвяры. Учора ў Магілёве ў выніку ўзгараньня сухога лісьця пад дрэвамі ў раёне вуліцы Грышына апёкі атрымаў мужчына 1981 году нараджэньня. Калі да месца выкліку прыбылі выратавальнікі, то адбывалася тленьне сухой расьліннасьці на плошчы 10 кв.м. Магілёвец брыгадай хуткай дапамогі быў дастаўлены ў бальніцу з дыягназам «тэрмічныя апёкі цела 1-3 ступені 99% цела». Праз некалькі гадзін мужчына памёр. Падрабязныя абставіны здарэньня высьвятляюць сьледчыя.
МНС яшчэ раз папярэджвае: выпальваньне травы на прысядзібным участку ці проста блізу будынкаў можа стаць прычынай сур'ёзнага пажару й нанесьці шкоду, а то й цалкам зьнішчыць пабудовы або прыпаркаваны недалёка транспарт. Работнікам МНС вядомыя выпадкі, калі на вачах вінаватых агонь перакідваўся на жылыя дамы.
Згодна з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэньнях, за выпальваньне сухой расьліннасьці, іржышча й пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцьцё мер па ліквідацыі выпальваньняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. Разьвядзеньне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджаньне або накладаньне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь.
naviny.by/ав