Logo Polskiego Radia
Print

ЭЗ не забывае пра беларускіх былых палітвязьняў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.11.2015 14:38
Новая кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі нагадала пра неабходнасьць іх рэабілітацыі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Эўразьвяз працягне падымаць пытаньне аб неабходнасьці поўнай рэабілітацыі ў правах былых палітвязьняў, заявіла БелаПАН новы кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Андрэа Віктарын.

Яна нагадала, што ў сумеснай заяве Высокага прадстаўніка ЭЗ Фэдэрыкі Магерыні і Эўрапейскага камісара Ёханэса Хана ад 22 жніўня вітаецца вызваленьне палітвязьняў, але гаворыцца, што Эўразьвяз чакае ад уладаў Беларусі «зьняцьця ўсіх абмежаваньняў на поўную рэалізацыю вызваленымі іх грамадзянскіх і палітычных правоў».

Андрэа Віктарын таксама адзначыла, што цягам чатырох месяцаў, на якія ЭЗ прыпыніў санкцыі супраць Беларусі, Эўразьвяз будзе ўважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі. «Мы будзем назіраць за разьвіцьцём сытуацыі з дэмакратыяй, вяршэнствам права і правамі чалавека. Акрамя таго, мы чакаем публікацыі ў канцы года выніковай справаздачы місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за выбарамі, якую мы таксама будзем браць пад увагу», – заявіла дыпляматка й адзначыла, што ЭЗ спадзяецца правядзеньня ў Беларусі неабходных рэформаў выбарчага заканадаўства перад парлямэнцкімі выбарамі. «І мы гатовыя аказаць падтрымку ў гэтым«, – дадала Віктарын.

Нямецкая дыпляматка Андрэа Віктарын прыбыла ў Мінск 11 верасьня. На пасадзе кіраўніка прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі яна зьмяніла латышку Майру Мору.

БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт