Беларускія стаматолягі зарабілі 1,7 млн даляраў на экспарце паслуг
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
09.02.2017 16:45
Найбольш запатрабавана ў замежнікаў у Беларусі эстэтычнае лячэньне й пратэзаваньне.
Photo: pixabay.com
У 2016 годзе на экспарце паслуг беларускія стаматолягі зарабілі каля 1,7 млн даляраў (3,35 млн рублёў), паведаміў журналістам галоўны пазаштатны стаматоляг Міністэрства аховы здароўя, галоўны ўрач Рэспубліканскай клінічнай стаматалягічнай паліклінікі Андрэй Матвееў 8 лютага ў Менску. Усяго за мінулы год, паводле яго слоў, платных стаматалягічных паслуг на тэрыторыі Беларусі было аказана на 62,5 млн рублёў
Матвееў адзначыў, што за апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да росту экспарту паслуг. Так, у параўнаньні з 2015 годам сума аказаных замежнікам паслуг вырасла на паўтара мільёна рублёў. На думку галоўнага пазаштатнага стаматоляга, увядзеньне ў Беларусі пяцідзённага бязьвізавага рэжыму для замежных грамадзян станоўча адаб’ецца на паказчыках экспарту.
Ён падкрэсьліў, што, як правіла, замежны пацыент, які атрымаў стаматалягічную дапамогу ў Беларусі, вяртаецца ў краіну, каб працягваць атрымліваць гэтыя паслугі на доўгачасовай аснове.
Найбольш запатрабавана ў замежнікаў у Беларусі эстэтычнае лячэньне й пратэзаваньне. Таксама папулярнасьцю карыстаецца імплянтацыя.
Між тым, паведаміў Матвееў, аб’ём экспарту айчынных стаматалягічных матэрыялаў і абсталяваньня пакуль невысокі. Стаматалягічныя ўстаноўкі „Белдэнт”, што вырабляюцца ў Гомелі, пастаўляюцца сёньня ва Ўкраіну й Казахстан. Стаматалягічныя матэрыялы — на рынак краін СНД, але пакуль у невялікіх колькасьцях.
belapan.com/racyja.com/аз