Звыш 1 тыс. сьмецьцеправодаў плянуецца закрыць у Менску у 2018 годзе
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
07.02.2018 19:16
Таксама на дваровых тэрыторыях плянуецца ўстанавіць 130 кантэйнэрных пляцовак.
Cьмецьцеправодpixabay.com/Public Domain CC0
Звыш 1 тыс. сьмецьцеправодаў у 430 шматпавярховых жылых дамах плянуецца закрыць у Менску ў 2018 годзе, паведаміла карэспандэнту БелТА намесьнік генэральнага дырэктара дзяржаўнага аб'яднаньня «Менская гарадзкая жыльлёвая гаспадарка» Галіна Гілевіч.
Таксама на дваровых тэрыторыях плянуецца ўстанавіць 130 кантэйнэрных пляцовак. Мерапрыемствы рэалізуюцца ў адпаведнасьці зь дзяржаўнай праграмай «Камфортнае жыльлё й спрыяльнае асяродзьдзе», якая накіраваная на павелічэньне збору (нарыхтоўкі) другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Пытаньне аб заварваньні сьмецьцеправода абмяркоўваецца на плянавых сходах з жыхарамі або падчас пакватэрнага апытаньня. Выступіць з такой ініцыятывай могуць і самі жыхары. Для прыняцьця станоўчага рашэньня неабходна згода больш за 50% уласьнікаў і наймальнікаў. Таксама для гэтага работнікі жыльлёвых службаў павінны правесьці абсьледаваньне прыдамавой тэрыторыі на магчымасьць устанаўленьня кантэйнэрных пляцовак. Асноўная мэта такой працы – забясьпечыць разьдзельны збор цьвёрдых бытавых адходаў і іх перапрацоўку.
У 2017 годзе сабрана ад насельніцтва й адсартавана на лініях сартаваньня УП «Экарэс» больш 27,9 тыс. т другасных матэрыяльных рэсурсаў, у тым ліку амаль 14,8 тыс. т макулатуры, 8,8 тыс. т шклоадходаў, каля 3,6 тыс. т палімэраў, 814,6 т шын.
белта/вс