Logo Polskiego Radia
Print

Расея адклала закрыцьцё граніцы зь Беларусьсю

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 01.08.2018 17:30
З 1 жніўня вадзіцелі-іншаземцы змогуць перасякаць беларуска-расейскую граніцу ў ранейшым рэжыме.
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0

Пагранічны камітэт ФСБ Расеі папярэджваў, што з 1 жніўня вадзіцелі-іншаземцы ня змогуць перасякаць беларуска-расейскую граніцу (грамадзян Беларусі і Расеі гэта ня тычыцца). Аднак цяпер высьветлілася, што новыя абмежавальныя захады перанесены на пазьнейшы тэрмін.

Як паведамілі ў расейскай пагранічнай службе, у сувязі з радам праблемных пытаньняў прынята рашэньне аб падаўжэньні пэрыяду інфармаваньня да «асобага распараджэньня».

Гэта азначае, што з 1 жніўня будзе весьціся тлумачальная работа адносна правілаў перасячэньня граніцы вадзіцелямі іншаземных транспартных кампаній, каб перавозчыкі самастойна вырашылі праблему.

У Маскве сьцьвярджаюць, што нормы ня новыя, падобнае патрабаваньне замацавана законам 1993 года «Аб дзяржаўнай граніцы Расейскай Федэрацыі». Згодна з гэтым дакумэнтам, грамадзянам трэціх краін дазволена перасякаць граніцы Расеі толькі ў міжнародных пунктах пропуску. Паміж Беларусьсю і Расеяй такіх пунктаў няма. Гэта значыць, што іншаземцы, у тым ліку вадзіцелі грузавікоў і турыстычных аўтобусаў, трапіць у Расею празь Беларусь ня могуць.

Svaboda.org/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт