Дзяржава павінна пераняць кантроль над наркотыкамі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
22.01.2013 18:52
Новаўвядзеньне прапануе ультралібэральны „Рух Палікота”.
Парлямэнцкая фракцыя „Рух Палікота” прапануе, каб кантролем над вырошчваньнем індыйскіх канопляў і продажам марыхуаны займалася дзяржава. А атрыманы такім чынам прыбытак павінен быць прызначаны на фінансаваньне праграмаў па прафіляктыцы наркаманіі.
Адпаведны законапраект па гэтай справе будзе перададзены ў Сэйм у бліжэйшым часе, - паведаміў дэпутат „Руху Палікота” Міхал Кабаціньскі. Паводле яго, зьмена зводзілася б да таго, што дзяржава будзе кантраляваць тое, што вырошчваецца, і што ды каму прадаецца.
Фракцыя „Рух Палікота” выступае супраць пакараньня за захоўваньне гэтак званых лёгкіх наркотыкаў. Адначасова прадстаўнікі партыі тлумачаць, што яны не падтрымліваюць спажываньня рэчываў, якія зьмяняюць сьвядомасьць чалавека.
Нагадаем, учора правая партыя „Салідарная Польшча” асудзіла грамадзкіх дзеячаў, якія выступаюць за легалізацыю лёгкіх наркотыкаў, і прадставіла законапраект па больш строгім пакараньні за іх утрымліваньне.
аз