Тысячы людзей выйшлі на стыхійны мітынг у Кемераве, Пуцін да іх ня выйшаў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
27.03.2018 08:58
Паводле афіцыйных зьвестак, у пажары загінулі 64 чалавекі - у горадзе ж гавораць пра 400 ахвяр.
Уладзімір Пуцін на месцы трагедыіPAP/EPA/ALEXEI DRUZHININ/SPUTNIK/KREMLIN POOL
Раніцай 27 сакавіка тысячы людзей выйшлі на стыхійны мітынг каля будынку абласной адміністрацыі ў расейскім горадзе Кемерава. Людзі патрабуюць, каб улады вобласьці пайшлі ў адстаўку. Яны таксама хочуць даведацца праўду пра сапраўдную колькасьць загінулых падчас жахлівага пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня». Паводле афіцыйных зьвестак, там загінулі 64 чалавекі. Аднак у горадзе пашыраюцца чуткі пра 400 ахвяр.
Грамадзяне маюць прэтэнзіі да працы пажарных, якіх было мала, і яны, як некаторыя лічаць, не зрабілі ўсё магчымае для выратаваньня людзей. У Кемерава якраз прыляцеў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Удзельнікі стыхійнай акцыі запатрабавалі, каб ён выйшаў да іх, але Пуцін на акцыі не зьявіўся, інфармуе «Новая газета».
Вядома, што акцыя была арганізаваная праз сацсеткі. Ідэю прапанаваў мясцовы апазыцыянэр Максім Учватаў. Улады да яе падрыхтаваліся – ачапілі плошчу паліцыяй і перакрылі агароджай. Калі сабралася каля тысячы чалавек, іх усё ж прапусьцілі да абласной адміністрацыі. Людзі трымалі ў руках плякаты тыпу «Карупцыя забівае», «Мы ўсе зачыненыя ў гэтым заапарку», «Колькі рэальных ахвяр?».
Да іх выйшлі віцэ-губэрнатар Кемераўскай вобласьці Сяргей Цывілёў і намесьнік губэрнатара Уладзімір Чарноў. Іх сустрэла скандаваньне: «Праўду!». Чыноўнікі практычна нічога не маглі адказаць на пытаньні. Каардынатарам акцыі стаў Ігар Вострыкаў, які падчас пажару згубіў усю сям’ю. Агулам на плошчы сабралася каля 4 тысяч чалавек.
Уладзімір Пуцін у Кемераве наведаў месца трагедыі, усклаў кветкі да стыхійнага мэмарыялу. Ён назваў прычынай пажару ў гандлёвым цэнтры «злачынную халатнасьць» і «разгільдзяйства».
эўрарадыё/вс