Бірма адчыняецца на сьвет?
PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic
14.01.2012 14:40
Учора на свабоду выйшлі 200 бірманскіх апазыцыянераў. ЗША гатовыя вярнуць у краіну свайго амбасадара.
“Бірма адчыняе турмы й чакае за гэта ўзнагароду” – піша “Gazeta Wyborcza”. Учора на свабоду выйшлі 200 бірманскіх апазыцыянераў. У адказ на гэта Гілары Клінтан заявіла, што ЗША гатовыя накіраваць у гэту азіяцкую краіну свайго амбасадара.
Газэта нагадвае, як 20 гадоў таму амэрыканцы адклікалі зь Бірмы свайго пасла пасьля таго, як мясцовая хунта анулявала вынікі выбараў, у якіх перамагла лідар дэмакратычных сілаў Аун Сан Су Чжы. Вяртаньне амбасадара можа быць знакам перамен у гэтай адной з самых бедных краін сьвету.
“Gazeta Wyborcza” піша, што мясцовыя ўлады вырашылі больш не ізаляваць краіну, каб Бірма ня стала кітайскай калёніяй. Дарэчы, вайскоўцы-нацыяналісты, якія кіруюць Бірмай, год таму адмовіліся ад вайсковай формы й цяпер кіруюць краінай у якасьці цывільнай улады.
Мясцовыя праўладныя СМІ сьцьвярджаюць, што на волю ўчора выйшлі амаль 600 палітвязьняў, але апазыцыя пацьвердзіла пакуль вызваленьне 200 чалавек.
На вызваленьне бірманскіх палітзьняволеных адрэагавала й міністар замежных справаў ЭЗ Кэтрын Эштан. Яна заявіла, што гэта крок наперад на шляху ўсталяваньня новых адносін паміж ЭЗ і Бірмай.
Хунта пачала лібэралізацыю палітычнай сыстэмы год таму. У краіне паволі зьнікае страх, у газэтах можна пабачыць здымкі Аун Сан Су Чжы, якая яшчэ год таму была пад хатнім арыштам. На лётнішчы ў сталіцы пачалі прызямляцца замежныя самалёты, якія раней былі галоўнымі ворагамі хунты. Людзям дазволена праводзіць мітынгі й ствараць прафсаюзы. Улады заклікаюць былых палітвязьняў, каб яны далучыліся да “будаўніцтва краіны”.
дг