Прэзыдэнты абмяркоўвалі легалізацыю наркотыкаў?
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
18.02.2012 16:50
-
Прэзыдэнты абмяркоўвалі легалізацыю наркотыкаў.mp3
Кіраўнік Гватэмалы Ота Пэрэс Маліна прапанаваў легалізаваць абарот наркатычных сродкаў.
У першую чаргу гутарка вядзецца пра какаін.
Іншых шляхоў вырашэньня праблемы прэзыдэнт ня бачыць. У Гватэмале на барацьбу з наркагандлем выдаткавалі мільярд даляраў – а вынікаў няма.
Сьмяротнасьць адна з самых высокіх у рэгіёне. Узровень злачыннасьці – таксама.
Ота Пэрэс Маліна прыводзіць у прыклад мэксіканскі досьвед. Там на барацьбу з наркадылерамі кінулі войска – і выніку гэта таксама не дало.
Прэзыдэнт Гватэмалы сьцьвярджае, што пытаньне легалізацыі наркагандлю ён ужо абмеркаваў з прэзыдэнтам Мэксікі Фэліпэ Кальдэронам і кіраўніком Калюмбіі Хуанам Мануэлем Сантасам. І знайшоў паразуменьне.
Нідзе ў сьвеце няма такіх наркатычных войнаў, як у Лацінскай Амэрыцы. У той жа час узровень карумпаванасьці чыноўнікаў і паліцыі надзвычай высокі. Некаторыя спэцыялісты лічаць менавіта гэты фактар вырашальным у наркатычнай праблеме Лацінскай Амэрыкі.
Крытыкі ідэяў легалізацыі прыводзяць у прыклад Кітай. Там наркатычнай праблемы ў такіх масштабах не існуе. А за распаўсюджваньне наркотыкаў даюць пажыцьцёвае зьняволеньне.
Аляксандар Парошын,
спэцыяльна для Беларускай службы Польскага радыё,
Алахуэла