Logo Polskiego Radia
Print

Што значыць сустрэць дзень народзінаў у турме?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.07.2012 17:33
  • Што значыць сустрэць дзень народзінаў у турме.mp3
Пра тое, што даводзіцца перажыць Зьмітру Дашкевічу ды іншым вязьням, распавядаюць былыя зьняволеныя.
fot. Flickr/radio.svaboda.orgfot. Flickr/radio.svaboda.org

fot.
fot. Flickr/radio.svaboda.org

Сёньня 31 год спаўняецца лідару Маладога фронту Зьмітру Дашкевічу. Свой дзень народзінаў ён сустракае за кратамі, як сустракаюць яго ў гэтым годзе 12 іншых палітзьняволеных і тысячы несправядліва асуджаных па ўсёй Беларусі. Пра тое, што гэтым людзям даводзіцца перажыць у калёніях, распавядаюць нам тыя, хто не так даўно адтуль вярнуўся – былыя палітзьняволеныя Андрэй Бандарэнка ды Валеры Леванеўскі.

Што значыць сустрэць дзень народзінаў у турме? Зьміцер Дашкевіч, якога адправілі за краты па сфабрыкаванай справе за дзень да Плошчы, адзначае свой дзень народзінаў сёньня.

Каб зламаць, скарыць вязьня, улады калёніі стараюцца яго пазбавіць кантактаў нават з таварышамі па няшчасьці. Пра тое, як адчуваць сябе ізаляваным сярод тысячаў людзей, распавядае былы палітвязень, кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Плятформа” Андрэй Бандарэнка.

А. Бандарэнка: З аднаго боку ты знаходзішся сярод такіх жа як ты, але зь іншага боку ты ня можаш ні з кім паразмаўляць, пагуляць у нарды, абмяняцца чымсьці. Ты адчуваеш сябе выгнаньнікам. Нягледзячы на тое, што іншыя разумеюць цябе, падтрымліваюць маральна, але баяцца з табой размаўляць, бо за гэта іх могуць выклікаць у штаб і пакараць. Канешне, гэта катаваньне. Уявіце: побач з табою тысяча чалавек, але яны баяцца нават падысьці й загаварыць.

Аднак у дзень народзінаў вязьні, нягледзячы на забароны, стараюцца падтрымаць таварыша. У гэты дзень чалавечая салідарнасьць адчуваецца як ніколі раней – кажа Андрэй Бандарэнка.

А. Бандарэнка: Зьняволеныя – яны людзі дасьведчаныя. Яны знаходзяць розныя спосабы, як перадаць свае віншаваньні й не “засьвяціцца”. Цяжка перадаць гэта пачуцьцё словамі, асабліва калі ты знаходзішся ў карцары й бачыш салідарнасьць іншых вязьняў. Яны не глядзяць – палітычны ты, эканамічны ці забойца. Усе жывуць гэтым днём і стараюцца перадаць праз кантралёраў, працаўнікоў нейкія падарункі, паштоўкі, кіпяцяць гарбату. Дзён народзінаў на волі многа, й яны сьціраюцца ў памяці. А гэтыя запамінаюцца назаўсёды.

Глыбоцкая калёнія, куды адправілі лідара Маладога фронту – адна з самых жорсткіх у краіне, кажа праваабаронца.

А. Бандарэнка: Там утрымліваюць зьняволеных на пажыцьцёвыя тэрміны, альбо на спэцыяльныя рэжымы ўтрыманьня. Самая “лёгкая” катэгорыя – гэта тыя, хто асуджаны паўторна. Можаце ўявіць кантынгент. Так што рэакцыя адміністрацыі на любыя праявы незадаволеньня вельмі жорсткая. Мы заяўлялі, што асуджаных там вельмі моцна зьбівалі. Умовы ўтрыманьня ў калёніі вельмі цяжкія. Менавіта па гэтай прычыне туды адправілі Зьмітра Дашкевіча.

Амаль 6 месяцаў Зьміцер Дашкевіч правёў у штрафным ізалятары – за надуманыя парушэньні, альбо за тое, што адмаўляўся выконваць правакацыйную працу, скіраваную на тое, каб прынізіць яго ў вачах таварышаў. Што такое карцар – расказвае былы палітвязень прадпрымальнік Валеры Леванеўскі.

В. Леванеўскі: Ты знаходзішся ў каменным мяху. Цеснае памяшканьне. Вельмі халодна, матрацаў няма, драўляны нары адмыкаюцца толькі на ноч. Ні радыё, ні тэлебачаньня там няма. Ні атрымліваць, ні адпраўляць лісты нельга. Могуць адключыць санвузел. Але самая вялікая праблема – гэта холад. Спэцыяльна робіцца так, каб там было халодна й чалавек пакутаваў як мага больш.

Каб падоўжыць тэрмін знаходжаньня Дашкевіча за кратамі, улады распачалі супраць яго новую крымінальную справу за “невыкананьне рэжыму калёніі”. У адказ Зьміцер Дашкевіч адмовіўся выконваць любыя патрабаваньні адміністрацыі. Гэта надзвычай мужны крок, на які ідуць адзінкі – кажа Андрэй Бандарэнка.

А. Бандарэнка: Стасунак да цябе вязьняў у калёніі залежыць ад таго. Як ты сябе паводзіш. Адмова выконваць патрабаваньні адміністрацыі – гэта вельмі мужны учынак. Зьміцер Дашкевіч даказаў і сабе, і зьняволеным, і адміністрацыі калёніі, што ён мацнейшы за ўмовы, у якія яго паставілі.

За кратамі свой дзень народзінаў у гэтым годзе сустрэнуць ці сустрэлі яшчэ 12 палітвязьняў. Варта прыгадаць іх імёны. Гэта Мікалай Аўтуховіч, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Эдуард Лобаў, Сяргей Каваленка, Алесь Бяляцкі, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Аляксандар Францкевіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Павал Сырамолатаў.

Акрамя таго, за кратамі знаходзяцца тысячы людзей, адпраўленыя ў турму па сфабрыкаваных справах ці пакараныя несуразьмерна да свайго парушэньня. Калі беларускія турмы скараціць у два-тры разы, то грамадзтва стане больш здаровым – перакананы Валеры Леванеўскі. Тысячы людзей ня будуць прапускаць праз турэмныя жорны, якія робяць што заўгодна, толькі не выпраўляюць.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт