Logo Polskiego Radia
Print

Чорная метка ад Бакіева

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 25.08.2012 18:07
  • Чорная метка ад Бакіева.mp3
Хто пагражае Міхаілу Пашкевічу за публікацыю здымкаў паплечнікаў экс-дыктатара?

Фота:
Фота: ucpb.org

Дыпляматычны скандал паміж Менскам і Бішкекам атрымаў новае разьвіцьцё. Пасьля таго, як Кыргыстан адклікаў свайго амбасадара, невядомыя асобы пачалі пагражаць Міхаілу Пашкевічу. Некалькі дзён таму гэты вядомы грамадзкі актывіст і апублікаваў на “Фэйсбуку” здымкі, якія сьведчаць пра тое, што брат экс-дыктатара Бакіева, а таксама яго паплечнікі, якіх аб’явілі ў міжнародны вышук, знаходзяцца ў Беларусі.

17 жніўня Міхаіл Пашкевіч выпадкова сфатаграфаваў у адной з менскіх кавярняў Джаныша Бакіева й двух яго паплечнікаў, якіх абвінавачваюць у палітычных забойствах. 24 чэрвеня Бішкек адклікаў свайго амбасадара, а блёгеру сталі пагражаць. На столік у кавярні, за якім сядзеў Пашкевіч, невядомы мужчына паклаў сурвэтку з надпісам “Міхаіл, вам прывітаньне ад спадара Бакіева”. Уначы за аўтамабілем блёгера неадрыўна ехалі два мінівэны. Былі гэта супрацоўнікі беларускага КДБ, якія помсьцяць актывісту за міжнародны скандал, ці гэта былі людзі Бакіева – Міхаіл Пашкевіч ня ведае.

М. Пашкевіч: Пасьля атрыманьня такіх сурвэтак, пасьля таго, як за табой катаюцца аўтобусікі, не падобныя да міліцэйскіх, я ня ведаю, што рабіць. Я зьвяжуся з юрыстамі. Буду падаваць заяву ў міліцыю. “Хвост” за мной працаваў вельмі прафэсійна і хутка. Гэта былі падрыхтаваныя людзі. Гэта былі гэбісты. Толькі беларускія ці кіргіскія – я ня ведаю. У тое, што гэта былі нечыя дрэнныя жарты, я ня веру.

Ці баіцца беларускае кіраўніцтва пагаршэньня адносінаў з Кыргыстанам? Не – сьцьвярджае ўсходазнаўца Сяргей Богдан. Таваразварот зь Бішкекам невялікі, а кыргыская дзяржава – занадта слабая, кажа экспэрт.

С. Богдан: З усіх краінаў СНД ў гэтай краіне слабасьць дзяржавы адчуваецца наймацней. Нават урад Таджыкістану можа больш, чым кіргіскі ўрад. Цяжка ўявіць сабе, што кіргіскі ўрад можа запусьціць нейкія працэсы, якія пашкодзяць беларускім інтарэсам. Яны адклікалі амбасадара, тэарэтычна могуць зачыніць амбасаду, стварыць нейкія праблемы для гандлю. Але гэта ня будзе балючым ударам для Менска.

На выдачы Бакіева кіргіскаму правасудзьдзю неаднаразова настойвала Расея. Масква будуе пад сваім лідарствам інтэграцыйныя арганізацыі, у якія ўваходзяць як Кыргыстан, так і Беларусь, тлумачыць расейскі палітоляг Андрэй Суздальцаў.

А. Суздальцаў: Зараз узмацнілася АДКБ, у якую ўваходзяць як Кыргыстан, так і Беларусь. Фармальна яны зьяўляюцца саюзьнікамі, аднак паміж імі існуюць вельмі жорсткія супярэчнасьці. Немагчыма навесьці парадак у горнай рэспубліцы, такой як Кыргыстан, пакуль ня вырашаныя праблемы з людзьмі, якія ўваходзілі ў кіраўніцтва папярэдняга рэжыма. Таму Масква настойвае, што Бакіева трэба выдаваць.

Ці трэба Курмамбеку Бакіеву асьцерагацца выдачы? Не – перакананы Андрэй Суздальцаў. Аляксандар Лукашэнка хавае Бакіева ў Беларусі па шэрагу аб’ектыўных прычынаў.

А. Суздальцаў: Па-першае, гэта выклік Маскве. Канешне, Масква можа націскаць, але Лукашэнка ніколі Бакіева ня выдасьць. Тут ёсьць і камэрцыйныя інтарэсы. Бакіеў аказаўся буйным інвэстарам. Ён прыехаў у Менск зь вялікімі грашыма. Выдаваць яго эканамічна нявыгадна. Па-трэцяе, Лукашэнка выдатна разумее, што яму немагчыма дачакацца легальных, “чыстых” інвэстыцыяў. Таму ён ператварае рэспубліку ў “брудны афшор” для брудных лідараў.

Дык хто ж тады пагражае Міхаілу Пашкевічу й сочыць за ім? Гэта беларускае КДБ – перакананыя як Сяргей Богдан, так і Андрэй Суздальцаў.

А. Суздальцаў: Я скажу вам абсалютна дакладна, што людзі Бакіева паводзяць сябе ў Менску вельмі сьціпла. Яны нікуды не паказваюцца. Запалохваньні й перасьлед ў Беларусі ня могуць адбывацца без санкцыі ўладаў, бо беларускія спэцслужбы “заточаныя” пад тое, каб ліквідаваць небясьпекі для рэжыму. Самі падумайце: раптам у краіне зьяўляецца структура, якая самастойна займаецца пагрозамі й перасьледам. Яна патэнцыйна можа пераарыентавацца супраць Лукашэнкі. Таму ўсе такія рэчы ў Беларусі ня могуць адбывацца беспакарана без дазволу спэцслужбаў.

Аляксандар Лукашэнка ператварае Менск ва ўсходнеэўрапейскі Лёндан – заявіў Андрэй Суздальцаў. Аднак у Беларусі знаходзяць прытулак не беглыя алігархі ці дэмакратычныя актывісты, а сумнеўныя палітычныя лідары. У Менск перакачавалі расейскія казіно, а таксама Бакіеў, які, па слова палітоляга, быў зьвязаны з гандлем наркотыкамі. Гэтая крыміналізацыя выклікае непакой – падсумаваў Андрэй Суздальцаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт