Logo Polskiego Radia
Print

Усё больш палякаў накладвае на сябе рукі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.11.2012 13:10
Адмыслоўцы адзначаюць, што намнога часьцей, чым раней, прычынай такога кроку становяцца эканамічныя праблемы.

Выданьне „Rzeczpospolita” піша пра хвалю самагубстваў у Польшчы. Сёлета амаль на адну пятую больш людзей хацела закончыць з уласным жыцьцём, чым год таму. За 9 месяцаў было звыш 3,8 тысяч спробаў самагубства, а больш за 2,8 тыс. закончыліся сьмерцю. За ўвесь мінулы год пакончыла з сабою 3062 асобы, хаця спробаў было на адну тысячу больш.

Адмыслоўцы адзначаюць, што намнога часьцей, чым раней, прычынай такога кроку становяцца эканамічныя праблемы. Калісьці на рашэньне пра суіцыд уплывалі эмацыйныя праблемы, нешчасьлівае каханьне. Цяпер яшчэ даходзяць страх перад будучыняй, адсутнасьць грошай, працы або дрэнныя адносіны на працы. Летам у Варшаве 50-гадовая жанчына скочыла з балкону на восьмым паверсе. Прычына – фінансавыя праблемы. У Лодзі 32-гадовая працаўніца Цэнтру сацыяльнай дапамогі кінулася пад цягнік. Яе сваякі адзначаюць, што ў яе былі вялікія праблемы на працы. У бюджэтнай сфэры цяжка проста звольніць працаўніка, таму кіраўніцтва робіць працу невыноснай, каб працаўнік сам звольніўся й звольніў месца для чалавека, якога кіраўнік хацеў бы прыняць.

Самагубцы бачаць будучыню ў чорных колерах. Ім здаецца, што суіцыд – гэта адзінае выйсьце з пасткі, з якой, на іх думку, няма выйсьця. Гэтыя людзі не пасьпаяваюць за сёньняшнім тэмпам жыцьця, гонкай за грашыма, ім цяжка пракарміць сям’ю. Амаль заўсёды такі чалавек высылае сыгналы, якія могуць сьведчыць пра трагічныя намеры. Псыхоляг Януш Чапіньскі падкрэсьлівае, што часьцей за ўсё можна паўстрымаць самагубцу, калі ён атрымае своечасова дапамогу.

„Rzeczpospolita”/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт