Logo Polskiego Radia
Print

А. Класкоўскі: дайце беларускім СМІ свабоду, і яны змогуць абараніць краіну

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 24.07.2014 21:58
  • А. Класкоўскі дайце беларускім СМІ свабоду, і яны змогуць абараніць краіну.mp3
Што такое інфармацыйная вайна, і як Беларусі абараніцца ад інфармацыйнай агрэсіі?

“Вайна інфармацыйная, як і звычайная вайна, характарызуецца поўным адкідваньнем этыкі”. Так заявіў кіраўнік аналітычных праектаў інфармагенцтва БелаПАН Аляксандар Класкоўскі. Ён быў адным з выкладчыкаў школы маладых журналістаў, якая днямі завяршылася ў Варшаве. Што такое інфармацыйная вайна? Ці здольная Беларусь абараніцца ад інфармацыйнай агрэсіі? Як супраціўляцца прапагандзе, ня хлусячы? На гэтыя тэмы зь вядомым беларускім журналістам размаўляў Аляксандар Папко.

Інфармацыйная вайна – гэта ўзьдзеяньне на ўласнае й чужое грамадзтва, якое праводзіцца з мэтай перамагчы ў вострым канфлікце – тлумачыць Аляксандар Класкоўскі. Цяпер мы назіраем інфармацыйную вайну паміж Расеяй і Ўкраінай. Хоць беларускае грамадзтва не зьяўляецца мэтай расейскай прапаганды, яна знаходзіць шмат прыхільнікаў у Беларусі – кажа Аляксандар Класкоўскі

А. Класкоўскі: Інфармацыйная вайна непасрэдна зьвязаная з рэальнымі баявымі дзеяньнямі. Гэта “тэрмаядзернае” ўзьдзеяньне на сьвядомасьць праціўніка (і вайскоўцаў, і грамадзянскага насельніцтва), з мэтай паралізаваць іх волю й атрымаць перамогу ў “гарачай”вайне. Аднак сёньня ў Беларусі пачалі блытацца ў паняцьцях. Інфармацыйнай вайной называюць расейскую прапаганду, якая не скіраваная непасрэдна на беларускага гледача. Кажуць, што Расея вядзе інфармацыйную вайну супраць Беларусі. Гэта не зусім так.

У Беларусі трэба казаць пра дамінацыю расейскіх мас-мэдыя. Гаворка ідзе ня толькі пра тое, што расейскіх СМІ ў Беларусі вельмі шмат, а яшчэ й пра тое, што для расейскай прапаганды ў нас ёсьць вельмі спрыяльная глеба. У нас вялікія праблемы зь нізкай нацыянальнай сьвядомасьцю, зь неразьвітасьцю нацыянальных СМІ, з нацыянальнай палітыкай уладаў. Беларускім журналістам трэба думаць не пра тое, як “даць адлуп” Маскве, а пра тое, як навесьці парадак ва ўласным доме. Для гэтага патрэбныя перш за ўсё палітычныя перамены...

Канфлікт ва Ўкраіне паказаў, што беларусаў вельмі лёгка пераканаць глядзець на сьвет і нават на сваю краіну вачамі Масквы. Як абараніцца ад ідэалягічнай зброі? Рэцэпт просты: не ператварацца ў прапагандыстаў, не адказваць хлусьнёй на хлусьню, а разьвіваць прафэсійную журналістыку й адчыняць прастору для беларускіх СМІ – кажа экспэрт.

А. Класкоўскі: У прафэсійнай журналістыкі ёсьць свае каноны: тэхналягічныя, этычныя, і гэтак далей. Неабходна, каб у Беларусі зьявілася сапраўдная прафэсійная прэса, сапраўдная прафэсійная мэдыяпрастора. У нас няма нармальнай журналістыкі. Дзяржаўная прэса й дзяржаўнае тэлебачаньне паказалі сябе абсалютна недзеяздольнымі пасьля Крыму. Беларускае кіраўніцтва пачало сябе весьці як флюгер: то рабіць праўкраінскія, то прарасейскія заявы. Гэта выклікала параліч дзяржаўных СМІ. Яны аказаліся няздольнымі супрацьстаяць прапагандысцкай экспансіі Масквы, а тым больш выхоўваць нацыянальную самасьвядомасьць.

Маргінальны стан і пастаянны ўціск недзяржаўных СМІ прыводзіць да таго, што яны пачынаюць трансьляваць тую ж прапаганду, толькі з адваротным знакам. Там таксама няма месца для аналітыкі, этычнага падыходу, да ўсебаковага асьвятленьня праблемы. Мая выснова такая: у Беларусі павінна разьвівацца нармальная паўнавартасная мэдыйная прастора. Канкурэнцыя прымушае журналістаў інфармаваць, аналізаваць і даваць палітру меркаваньняў. Гэта тыя тры функцыі, якія павінна выконваць прэса. А ўсё астатняе – ад нячысьціка.

Наіўна спадзявацца, што цяперашнія ўлады дадуць свабоду СМІ – кажа Аляксандар Класколўскі. Аднак у інтарэсе Менску разьвіваць хаця б нацыянальную культуру й мову. Іначай усходні сусед лёгка пераканае мільёны беларусаў, што незалежнасьць іх дзяржавы – гэта гістарычная памылка, якая павінна быць выпраўлена.

А. Класкоўскі: Улада ўжо схамянулася, і гэты, хай сабе кволы, трэнд трэба замацоўваць. Трэба падкрэсьліваць, што імпэрская пагроза нашмат больш страшная, чым нейкая небясьпека ад лібэралізацыі. Безь беларусізацыі, без падтрымкі нацыянальных мэдыяў Беларусі не абысьціся. Іначай Расея непазьбежна паглыне Беларусь. Сёньня варта пераконваць улады, каб яны ўмацоўвалі гэты кволы беларускі элемэнт у сваёй унутранай палітыцы, каб яны давалі больш прасторы для беларушчыны, для разьвіцьця незалежнай прэсы. Каб хаця б не душылі! А незалежная прэса ўжо сама разьбярэцца, як і пра што пісаць.

Аднак ці змогуць нават самыя свабодныя й прафэсіянальныя беларускія СМІ пераўзысьці па папулярнасьці расейскя каналы зь іх бясконцымі тэлешоў, сэрыяламі і псэўдааналітычнымі перадачамі Кісялёва й Салаўёва? Гэта сапраўды сур’ёзная праблема – пагаджаецца Аляксандар Класкоўскі. Якасная журналістыка патрэбная толькі грамадзянам. А грамадзянаў так хутка не выгадуеш.

А. Класкоўскі: Якасная журналістыка запатрабаваная грамадзянамі – людзьмі, якія прымаюць рашэньні. Саўку-люмпену прасьцей ляжаць на канапе й глядзець замбаскрыню. Трэба рабіць акцэнт на доўгачасовую працу, каб пакрысе стварыць грамадзянаў. Тут можна выкарыстаць кволы трэнд уладаў на беларусізацыю. Але асноўную працу прыйдзецца рабіць актыўнай частцы беларускага грамадзтва. Патрэбная таксама дапамога Эўропы. Не забываць пра Беларусь і дапамагаць у разьвіцьці праектаў, якія скіраваныя на разьвіцьцё нацыянальнай культуры, нацыянальнай самасьвядомасьці.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт