Пад уплывам Майдану і вайны на Данбасе Расея мадыфікавала сваю вайсковую дактрыну. Расейскія сілавікі рыхтуюцца змагацца з NATO й “пятай калёнай” унутры краіны. Расейскія гарнізоны пашыраюцца на Крыме і ў Арктыцы. А Беларусь ператвараецца ў “стратэгічны аэрадром”. Пра новыя кірункі разьвіцьця расейскай арміі нам распавядаюць польскія экспэрты.
Новая ваенная дактрына Расейскай Фэдэрацыі была зацьверджаная 26 сьнежня 2014 году. Гэта мадыфікаваная вэрсія дактрыны, якая зьявілася на чатыры гады раней. Пасьля Майдану і вайны ў Данбасе ў дакумэнт былі ўнесеныя праўкі. Напрыклад, быў пашыраны сьпіс пагрозаў – у іх дадаліся ”унутраныя ваенныя пагрозы”. Сярод іх мы знойдзем “дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне”, а таксама “інфармацыйнае ўзьдзеяньне на насельніцтва, перадусім на маладых грамадзянаў краіны, скіраванае на падрыў гістарычных, духоўных і патрыятычных традыцыяў”. Новаўвядзеньні расейскай ваеннай дактрыны камэнтуе экспэрт Польскага інстытуту міжнародных справаў Анна Дынэр.
А. Дынэр: Сярод новых пагрозаў пералічаныя гібрыдныя войны й войны інфармацыйныя. Гэта гучыць крыху парадаксальна, бо Расея сама зьяўляецца майстрам па іх вядзеньні. Сярод іншых ваенных пагрозаў значацца рэгіянальныя канфлікты й пагрозы ўнутранага характару: тэрарызм, экстрэмізм, а таксама дзеяньні грамадзкіх арганізацыяў нібыта кіраваных з-за мяжы. Вельмі зьдзіўляе, што да вайсковай дактрыны далучаюць пагрозы унутрыпалітычнага характару.
Галоўным праціўнікам Расея па-ранейшаму лічыць блёк NATO. Аднак стрымліваць яго зьбіраецца ня толькі ядзернай кувалдай. Упершыню ў дактрыне зьявілася канцэпцыя неядзернага стрымліваньня – нарошчваньня звычайных узбраеньняў. Для барацьбы з новымі й старымі пагрозамі Расея намераная разьвіваць спэцыяльныя сілы й выведку – кажа Анна Дынэр.
А. Дынэр: Расейцы намераныя разьвіваць сілы хуткага рэагаваньня, спэцыяльныя сілы. Яны адрозьніваюцца ад клясычнага спэцназу, да якога мы прызвычаіліся. Таксама Масква намераная разьвіваць сілы, здольныя адказваць на пагрозы інфармацыйнага характару. Расейцы не адмовіліся разглядаць Захад і НАТО як сваю галоўную пагрозу. Таму вялікую ўвагу яны ўдзяляюць мадэрнізацыі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня.
Галоўным прыярытэтам расейскай арміі ў апошнія гады стала нарошчваньне прысутнасьці ў Арктыцы. Масква тут стала піянэрам. Іншыя краіны (Нарвэгія, ЗША Канада) вайсковых базаў на Поўначы не будуюць і вучэньняў не праводзяць.
А. Дынэр: Пакуль што гэта аднабаковыя дзеяньні Расеі. У пэўным сэнсе, гэта вяртаньне ў савецкія часы, калі ў Арктыцы былі разьмешчаныя воінскія часткі. Расейцы рыхтаваліся да рэмілітарызацыі Арктыкі працяглы час. Праводзіліся тэматычныя вайсковыя вучэньні. Напрыклад, дэсант пры 15 градусах марозу й моцным ветры павінен рыхтаваць жаўнераў да працы ў арктычных умовах. 1 сьнежня 2014 году ў Расеі стварылі стратэгічнае камандаваньне “Поўнач”. У будучыні яно можа ператварыцца ў новую вайсковую акругу. Разьмяшчаючы войскі ў Арктыцы, Расея намераная “сарваць нафтавы бонус”, узяць пад кантроль радовішчы. Трэба памятаць, што ў гэтым рэгіёне межы яшчэ ня маюць ўрэгуляванага статусу .
Таксама Расея павялічвае колькасьць войскаў у Чорным моры. Чарнаморскаму флёту плянуюць перадаць новыя караблі, на анэксаваным Крыме ўжо сфармаваны ракетна-артылерыйскі полк. Крэмль сваімі дзеяньнямі хоча паказаць NATO, Эўразьвязу і Ўкраіне, што Крым ён аддаваць не зьбіраецца – падкрэсьлівае Анна Дынэр.
Як на рост вайсковай прысутнасьці рэагуе NATO? Пакуль што Паўночнаатлянтычны альянс толькі павялічвае так званую “ратацыйную прысутнасьць” у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы – кажа экспэрт парталу Academic Security Forum Павал Флейшэр.
Фота: belsat.eu
П. Флейшэр: Першым крокам будзе выкананьне пастановаў, прынятых на саміце NATO у Ньюпорце ў верасьні мінулага году. Яны ўключаюць рэгулярную адпраўку падразьдзяленьняў заходніх сябраў альянсу на вучэньні ў Польшчу, краіны Балтыі, Румынію і Баўгарыю. Другім крокам зьяўляецца ўзмацненьне Паўночна-Ўсходняга корпусу, які знаходзіцца ў горадзе Шчэцін. Да 2016 году будуць пашыраныя яго камандныя здольнасьці. А да 2018 году гэты корпус зможа кіраваць вайсковымі часткамі, якія знаходзяцца на ўсім абшары Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Расея пасварылася з усімі сваімі заходнімі суседзямі, таму Беларусь становіцца для яе важным пляцдармам на Захадзе – падкрэсьлівае Анна Дынэр.
А. Дынэр: Гэта вельмі важная для Расеі краіна ў геастратэгічным пляне. Яна ня толькі адсоўвае супрацьпаветраную абарону Масквы на 500 кілямэтраў на Захад. Тут можна разьмясьціць зьнішчальнікі, з дапамогай якіх можна будзе кантраляваць большасьць тэрыторыі Ўкраіны, не гаворачы ўжо пра Польшчу ці краіны Балтыі. Беларусь напэўна разглядаецца ў якасьці вайсковага пляцдарму. У гэтым годзе на беларускай тэрыторыі адбудзецца самы вялікі экзамэн расейскай арміі – вучэньні “Шчыт Саюзу-2015”.
Ня выключана, што калі Аляксндар Лукашэнка будзе дрэнна кіраваць “расейскім стратэгічным аэрадромам”, Крэмль захоча адхіліць яго ад улады – мяркуе Ана Дынэр. Таму сёньня беларускі кіраўнік адчувае сябе вельмі некамфортна.
Што можа спыніць мілітарызацыю Расеі? Толькі эканамічны крызыс. Аднак нават у сытуацыі эканамічнага каляпсу вайсковыя выдаткі будуць апошнімі, якія Крэмль захоча скарачаць – падсумоўвае экспэрт.
Аляксандар Папко