Logo Polskiego Radia
Print

Вузкі калідор магчымасьцяў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.12.2015 12:30
  • Вузкі калідор.mp3
Дзьве дэкады беларускае войска разьвівала супрацу выключна з расейскай арміяй.
foto: belreport.by

Аднак пасьля вайны ва Ўкраіне, афіцыйны Менск пачаў разварот у бок большай аўтаноміі ў вайсковай сфэры. Сярод экспэртаў няма згоды, што да таго наколькі далёка па гэтым шляху змогуць зайсьці беларускія ўлады.

Праблемы ў расейска-беларускай вайсковай супрацы экспэрты назіраюць ужо ня першы год. Нягледзячы на дэклярацыі пра хаўрус, адзінства, шэраг ключавых беларуска –расейскіх праектаў у вайсковай сфэры да канца так і не рэалізаваныя. Ілюстрацыяй тут зьяўляецца справа расейскай авіябазы ў Беларусі ды Адзінай сыстэмай супрацьпаветранай абароны. Для Масквы – гэта важны прыярытэт абароннай палітыкі, аднак афіцыйны Менск цягне з яго выкананьнем.

У сваю чаргу, беларускія ўлады неаднаразова прасілі ў Крамля доступ да сучаснага расейскага ўзбраеньня. Масква пасьлядоўна адмаўляе свайму хаўрусьніку. Ёсьць і іншыя сымптомы разыходжаньня на лініі Менск-Масква ў вайсковай сфэры, кажа аналітык Цэнтру Астрагорскага Сяргей Богдан.

Сяргей Богдан: Давайце зірнем на кропку адліку, якой было існаваньне адзінай краіны – СССР, дзе вайсковая галіна была адзіным арганізмам. Цяпер замест гэтага суцэльнага арганізма, ёсьць дзьве вайсковыя сыстэмы: беларуская й расейская. Яны яшчэ злучаныя многімі ніткамі, але відавочна, што гэта два розныя падыходы і зусім розныя сыстэмы, якія арыентуюцца на іншы тып войнаў, трэніруюцца для розных рэчаў. Не трэба падманвацца рыторыкай, якая гучыць.

Экспэрт перакананы, што беларускія ўлады імкнуцца да большай аўтаноміі ў васковай галіне ад Расеі.

Сяргей Богдан: Расейскія вайскоўцы дакладна не праглынуць Менск. Зразумела, што ў выпадку дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне, Расея можа ажыцьцявіць апэрацыю падобную на Крым альбо Данбас. Без гэтага цяжка ўявіць, каб бачныя тэндэнцыі дывэргенцыі затрымаліся. Асабліва пасьля падзей ва Ўкраіне, мы назіраем як без лішняга шуму беларускае войска імкнецца правесьці выразную мяжу паміж сабой, і тым што робіць Расея.

Вайсковы аналітык Аляксандар Алесін зазначае, што бачна некаторае памкненьне да большай незалежнасьці з боку Беларусі.

Аляксандар Алесін: Здаецца, што ёсьць такое жаданьне. Гэтым тлумачацца ўзмоцненыя памкненьні Лукашэнкі зладзіць тут вытворчасьць як мага большай колькасьці ўласных узбраеньняў. Бачым стварэньне сыстэмы “Палянэз”, кажуць пра магчымасьць стварэньня крылатых ракет, ракет ПВО “Алебарда”. Бачна, што ўзяты курс на стварэньне ўласнага ВПК. На жаль, цалкам аўтаномным ані беларускае войска, ані ВПК быць ня могуць.

Прычына ў тым, што афіцыйны Менск мае абмежаваныя эканамічныя магчымасьці, кажа адмысловец.

Аляксандар Алесін: У асноўным армія мае на ўзбраеньні савецкія ды расейскія сыстэмы, да іх патрэбны запасныя часткі ды абслугоўваньне. Гэта ў Расеі. Тое ж з авіяцыяй. Без яе нельга. Трэба альбо ліквідаваць цалкам, альбо купляць у Расеі. Бронетэхніка таксама ў асноўным савецкая, расейская. Тут тое самае. Плюс эканамічная залежнасьць, таму цяжка вырвацца з цесных абдымкаў Масквы.

Беларуска-расейская вайсковая супраца перажывае пэрыяд некаторага заняпаду. Гэта тлумачыцца тым, частка экспэртаў кажуць, што ў дадзенай сфэры, беларускія ўлады маюць вельмі абмежаваную прастору манэўру.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт