Logo Polskiego Radia
Print

«Беларускія дыпляматы навучыліся рабіць цуды»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 09.02.2017 09:27
  • «Беларускія дыпляматы навучыліся рабіць цуды».mp3
У чым яны заключаюцца й наколькі менскім дыпляматам хопіць чарадзейнай сілы – расказваюць аналітыкі Цэнтру Астрагорскага.
pixabay.com

2016 год быў годам посьпехаў беларускай дыпляматыі – зазначаюць аналітыкі цэнтру Астрагорскага ў сваім новым дакладзе. Сярод найважнейшых дасягненьняў Менска – адмена эўразьвязаўскіх санкцыяў, усталяваньне рэгулярных кантактаў з заходнімі краінамі, легітымізацыя Палаты прадстаўнікоў на міжнароднай арэне і ўмелае супрацьстаяньне дыпляматычным націскам Масквы. Аднак далёка ня ўсе свае пляны беларускія дыпляматы змаглі рэалізаваць. Якія перамогі й няўдачы сустрэлі Ўладзімера Макея ды яго падначаленых на міжнароднай арэне? Ці 2017 год будзе такім жа ўдалым для беларускага зьнешнепалітычнага ведамства? На гэтыя тэмы з аналітыкам цэнтру Астрагорскага Ігарам Губарэвічам размаўляе Аляксандар Папко.

Уладзімеру Макею й яго падначаленым даводзіцца працаваць у складаных умовах – зазначае аўтар агляду зьнешняй палітыкі Беларусі экспэрт Цэнтру Астрагорскага Ігар Губарэвіч. Паляпшаць адносіны з Захадам прыходзіцца ва ўмовах эканамічнага крызысу, пагаршэньня палітычных стасункаў з Расеяй і скарачэньня расейскіх субсыдыяў. Беларускім дыпляматам удалося выгандлеваць больш, чым вынікала з не самай выгаднай перамоўнай пазыцыі Беларусі.

Несумненным посьпехам беларускай дыпляматыі аналітык цэнтру Астрагорскага называе той факт, што Эўразьвяз адмяніў санкцыі супраць Менска й пачаў весьці зь беларускімі ўладамі дыялёг у рамках спэцыяльнай Каардынацыйнай групы. Акрамя таго, Менску ўдалося значна палепшыць свае стасункі з ЗША, пасябраваць з Польшчай і нават легітымізаваць на міжнароднай арэне марыянэткавую Палату прадстаўнікоў.

Ігар Губарэвіч: Эўрапейскі зьвяз цалкам скасаваў санкцыі. За год мы пасьпелі забыць пра значнасьць гэтай падзеі. Але менавіта адсутнасьць санкцыяў дазваляе пашырыць кантакты на розных узроўнях. На найвышэйшым узроўні, праўда, кантактаў не адбываецца. Аляксандар Лукашэнка не пабываў у ніводнай краіне з афіцыйным візытам – акрамя Ватыкану і сустрэчы з прэзыдэнтам Італіі, які мае хутчэй цырыманіяльныя функцыі. У Менск таксама не прыяжджаў ніводзін замежны лідар, акрамя прэм’ера Славакіі. Аднак высокапастаўленыя прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў падарожнічаюць па Эўропе й прымаюць сваіх эўрапейскіх калегаў у Менску. Прарыў – гэта наладжваньне міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва з Эўропай. Гэтага даўно дабіваўся афіцыйны Менск, бо цывілізаваны сьвет у апошнія паўтара дзесяткі гадоў не прызнаваў Палату прадстаўнікоў легітымным парлямэнтам. Цяпер гэта зьмяняецца.

Прарыў на заходнім не суправаджаўся ані рынкавымі рэформамі, ані паляпшэньнем сытуацыі правоў чалавека – зазначае Ігар Губарэвіч.

Ігар Губарэвіч: У сфэры кіраўніцтва краінай, верхавенства закону не адбылося ніякіх важных зрухаў. На вуліцах проста перасталі біць маніфэстантаў, а арышты на 15 сутак замянілі штрафамі. Больш істотных дасягненьняў мы адзначыць ня можам.

Дык чаму ж Эўразьвяз і ЗША вырашылі разьвіваць стасункі зь Менскам?

Ігар Губарэвіч: Гэта прагматычнае рашэньне заходніх палітыкаў. Яго можна зразумець. Яны цяпер сыходзяць перш за ўсё з рэгіянальнага кантэксту, з кантэксту бясьпекі. Тая пазыцыя, якую занялі беларускія ўлады ў дачыненьні да таго, што адбываецца ва Ўкраіне, нэйтралітэт і адсутнасьць падтрымкі недружалюбных дзеяньняў Масквы былі ацэненыя заходнімі краінамі. Беларускія ўлады адкрылі дыялёг па пытаньні сьмяротнага пакараньня, дыялёг па іншых пытаньнях у сфэры правоў чалавека. Раней на гэтыя тэмы нават размоваў не вялося. Але далей за размовы справа пакуль не ідзе.

На міжнароднай арэне Менск ня толькі выйграваў, але й цярпеў паразы. Да галоўных няўдач Менска Ігар Губарэвіч адносіць тое, што Аляксандра Лукашэнку так і ня сталі ўспрымаць як палітыка, якога ня сорамна запрасіць у эўрапейскія сталіцы. Менск ня выкарыстаў патэнцыялу стасункаў з Украінай, пагоршыў адносіны з Летувой, а самае галоўнае – ня змог знайсьці новыя ранкі збыту ў краінах Пэрсідзкага заліву і Паўднёва-Усходняй Азіі.

Ігар Губарэвіч: Была пастаўленая задача, каб як мінімум траціна экспарту ішла ў краіны Эўрапейскага зьвязу, траціна – у краіны так званай «дальняй дугі (Кітай, краіны Пэрсідзкага заліву, Лацінскай Амэрыкі) і толькі траціна павінна ісьці ў Расею. Але гэтага не атрымалася. Доля Расеі ў замежным гандлі нават вырасла. Складанасьці таксама адзначаюцца ў дачыненьнях паміж Беларусьсю й Летувой. Паміж дзьвюмя краінамі нарастае канфлікт з-за Беларускай атамнай электрастанцыі.

«У 2017 годзе беларускія дыпляматы будуць працягваць рабіць цуды: разьвіваць адносіны з Захадам бяз значных дэмакратычных рэформаў у краіне; захоўваць Расею ў якасьці найбліжэйшага саюзьніка й спонсара, не прапануючы звычайнай ступені ляяльнасьці наўзамен; павялічваць экспарт і прыцягваць інвэстыцыі без эканамічных рэформаў», – прагназуюць аналітыкі Цэнтру Астрагорскага.

Аднак насамрэч вынікі 2017 году могуць аказацца больш сьціплымі, чым у годзе 2016-м. Для таго, каб далей разьвіваць стасункі з Эўропай і ЗША, патрэбная сапраўдная дэмакратызацыя і рынкавыя рэформы. Рэсурс навізны ўжо вычарпаны – падкрэсьлівае Ігар Губарэвіч.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт