Logo Polskiego Radia
Print

Польская паліцыя выдала рэкордную колькасьць дазволаў на зброю

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 13.02.2017 14:29
У мінулым годзе ў Польшчы на законных падставах прададзена больш за 106 тыс. адзінак зброі.
Photo: pixabay.com

Амаль 200 тысяч чалавек у Польшчы мае агнястрэльную зброю на законных падставах у мэтах, не зьвязаных з прафэсійнымі абавязкамі, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

У мінулым годзе ўладальнікі такіх ліцэнзій законна набылі ў Польшчы больш за 106 тысячаў адзінак зброі. Як паведамляе выданьне, у большасьці выпадкаў палякі зацікаўленыя ў атрыманьні дазволу на ўжываньне й захоўваньне паляўнічай зброі. У гэтай катэгорыі статыстыка кожны год падобная, а ў 2016 годзе колькасьць выдадзеных дазволаў нават нязначна зьнізілася (да 5 тысяч з 5,1 тыс. у 2015 годзе).

Летась 4,8 тыс. чалавек падалі заявы на атрыманьне дазволу на захоўваньне і ўжываньне спартыўнай зброі: гэта на 70% больш, чым у 2015 годзе. Рост зацікаўленьня гэткім відам зброі пацьвярджае старшыня заходнепаморскай Асацыяцыі спартыўнай стральбы Караль Пешак (Karol Pieszak). Паводле яго, цяпер на арганізаваныя асацыяцыяй спаборніцтвы прыязджае 300, а не як раней 30 удзельнікаў.

У 2016 годзе ў Польшчы было выдадзена больш за 3,5 тысячы дазволаў на гэтак званую калекцыйную зброю. Гэта ўдвая больш, чым у 2015 годзе.

У сваю чаргу адносна невялікай застаецца колькасьць дазволаў на зброю для асабістай абароны. Перш за ўсё гэта вынікае з жорсткіх крытэраў паліцыі, якія трэба выканаць дзеля іх атрыманьня. Грамадзянін, які зьвяртаецца з просьбай аб выдачы дазволу на ўжываньне зброі з такой мэтай, мусіць даказаць, што ейнаму жыцьцю пагражае пастаянная небясьпека, - зазначае Міхал Гавэл (Michał Gaweł) са сталічнай паліцыі.

Тым ня менш, Польшча належыць да ліку краін, дзе колькасьць людзей з дазволам на ўжываньне зброі адносна нявялікая. Паводле статыстычных дадзеных, прадстаўленых парталам GunPolicy.org, у краіне на 1 тысячу жыхароў прыходзіцца ўсяго 1,49 адзінак зброі. Для параўнаньня: у Чэхіі й Славаччыне гэты паказчык складае 8,3 - паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт