Logo Polskiego Radia
Print

Чаму людзі ахвотна і без разважаньняў слухаюцца ўладy

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.04.2017 12:16
Мужчыны аднолькава жорстка адносіліся да жанчын, як і да мужчын, не было джэнтэльмэнаў.
www.pixaby.com

"Newsweek Polska" апісвае экспэрымэнт, які калісьці правёў вядомы псыхоляг Стэнлі Мілгрэм, а цяпер яго паўтарылі польскія навукоўцы. Гаворка ідзе пра тое, як выпадковыя звычайныя людзі гатовыя катаваць іншых звычайных людзей, калі ім загадваюць гэта рабіць улады або іншы аўтарытэтны чалавек.

Экспэрымэнт заключаўся ў тым, што была набраная быццам бы група добраахвотнікаў. Іх пазьней падзялілі на дзьве групы і сказалі, што гаворка ідзе пра праверку здольнасьцяў засвойваць інфармацыю. Тыя, хто адыгрываў ролю настаўнікаў, апытвалі тых, хто граў вучняў. За кожны памылковы адказ «вучняў» паражалі токам, сьпярша нізкай частаты, а пазьней усё мацнейшым. Вучні, якія на самой справе былі акторамі, але настаўнікі пра гэта ня ведалі, рабілі выгляд, што ім вельмі балюча, у канцы канцоў трацілі прытомнасьць (хаця іх насамрэч не паражалі токам).

Калі Мілгрэм рабіў гэты ж экспэрымэнт шмат дзесяткаў гадоў таму, для яго стала непрыемнай нечаканасьцю, як лёгка і ахвотна людзі пад уплывам аўтарытэтаў ці ўлады катуюць іншых. Звыш 80% даходзіла да самага моцнага напружаньня электраэнэргіі. Палякі – не выключэньне. Пад уплывам уладаў яны гатовыя задаваць іншым боль. 90% удзельнікаў дайшла да самага моцнага пакараньня, 10-ай кнопкі. Што цікава, таксама садысцкі сябе паводзілі як простыя, так і адукаваныя людзі, а мужчыны аднолькава жорстка адносіліся да жанчын, як і да мужчын. Не было джэнтэльмэнаў, якія б шкадавалі жанчын. У польскім экспэрымэнце толькі двое ўдзельнікаў адмовілася караць іншых моцным токам. Адзін з іх - пажылы мужчына, актывіст «Салідарнасьці» і палітычны вязень. Ён спакойна адмовіўся націскаць кнопку, сказаўшы, што камуністы яго не зламалі і цяпер таксама ніхто яго не прымусіць біць людзей токам. Але іншыя ня мелі такіх сумненьняў.

Чаму людзі так ахвотна слухаюцца ўладаў? На думку псыхолягаў, прычына ў нашым выхаваньні, паколькі ў нашай культуры дзеці павінны быць безагаварочна паслухмяныя сваім бацькам.

Newsweek Polska/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт