Logo Polskiego Radia
Print

Трамп можа спаць спакойна

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 17.07.2017 19:05
Паводле экспэўртаў, рэальнай пагрозы імпічмэнту для прэзыдэнта Злучаных Штатаў пакуль няма.
PAP/EPA/IAN LANGSDON

Трамп можа спаць спакойна. Пра верагоднасьць імпічмэнту ў Злучаных Штатах разважае сёньня Dziennik Gazeta Prawna. Інфармацыя аб тым, што сын цяперашняга кіраўніка Белага Дому спрабаваў атрымаць ад расейцаў кампрамат на галоўную канкурэнтку свайго бацькі Хілары Клінтан, з новай сілай ускалыхнула амэрыканскае грамадзтва. У краіне ўсё грамчэй гучаць галасы за адхіленьне Дональда Трампа ад улады.

Аднак, як заўважаюць назіральнікі, пра рэальную пагрозу для палітыка казаць пакуль заўчасна. На мінулым тыдні кангрэсмэн ад дэмакратаў Брэд Шэрман падаў заяўку на пачатак працэдуры імпічмэнту. Вось толькі каб пазбавіць кіраўніка дзяржавы паўнамоцтваў, патрэбныя тры рэчы.

Першая – гэта рэкамэндацыя ад былога дырэктара ФБР Робэрта Мюлера, які вядзе сьледзтва датычна расейскага ўплыву на ўнутраныя справы Вашынгтону. Акрамя гэтага, адзінства па адхіленьні Трампа павінна дасягнуць партыя дэмакратаў. І ўрэшце – імпічмэнт мусіць падтрымаць значная частка рэспубліканцаў. Пакуль выканаць хаця б адну х гэтых умоваў не атрымалася.

Сьледзтва Мюлера распачалося два месяцы таму, і хутчэй за ўсё, хутка яно ня скончыцца. Згоднасьці наконт пазбаўленьня Трампа паўнамоцтваў няма нават сярод дэмакратаў. А тым больш, не вельмі папулярная гэтая ідэя і сярод саміх рэспубліканцаў. Як заўважаюць экспэрты, верагоднасьць імпічмэнту ў Злучаных Штатах можа павялічыцца толькі пасьля чарговых выбараў у Кангрэс, што заплянаваныя на лістапад будучага году.

Як паказвае практыка, у сярэдзіне прэзыдэнцкага тэрміну папулярнасьць паплечнікаў кіраўніка Белага Дому сярод амэрыканцаў зьніжаецца. І, беручы пад увагу цяперашні ўзровень падтрымкі Трампа ў ЗША, гэты эфэкт можа істотна ўзмацніцца.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт