Logo Polskiego Radia
Print

«Патэнцыялу, каб падняць заробкі ўдвая, проста няма»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.08.2017 22:05
  • «Патэнцыялу, каб падняць заробкі ўдвая, проста няма».mp3
Можна знайсьці варыянты павышэньня заробкаў да 1500 рублёў, але ўсе яны падразумяваюць дэвальвацыю – кажа экспэрт.
Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка паабяцаў падняць сярэднюю зарплату нават не да 500, а да 750 даляраў. Беларускі рынак вопраткі адчыніўся для заходніх брэндаў, а ў краіну для падрыхтоўкі да маштабных вучэньняў, прыехалі першыя расейскія жаўнеры. Ці магчыма за паўтара года падняць заробкі беларусаў амаль у 2 разы? Якія заходнія кампаніі маюць шанец прыйсьці на беларускі рынак? Ці варта баяцца вучэньняў «Захад-2017»? Гэтыя ды іншыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» Аляксандар Папко абмяркоўвае з палітолягам Максімам Рустам.

Ці перастануць беларусы езьдзіць на закупы ў Вільню?

Беларусь працягвае адчыняцца для буйных заходніх брэндаў. Усьлед за фастфудам KFC і Burger King ў Менск прыйшлі вядомыя крамы вопраткі. 10 жніўня ў пабудаваным сэрбскай фірмай гандлёвым цэнтры Dana Mall адчыніліся папулярныя на Захадзе буцікі Zara, Bershka, Pull and Bear і Stradivarius. Запрашэньне на беларускі рынак буйных заходніх кампаніяў – гэта дзяржаўная палітыка? Дзе яшчэ, пасьля рэстараннага бізнэсу, супэрмаркетаў і вопраткі, могуць зьявіцца буйныя эўрапейскія фірмы?

Максім Руст: Я ня ведаю, ці дадзеныя прыклады зьяўляюцца праявай нейкай дзяржаўнай палітыкі, для мяне гэта больш праява нармальнага рынкавага мэханізму, а таксама прыкмета таго, што Беларусь патрабуе зьнешняга фінансаваньня. Ніша ў беларускім гандлі яшчэ не запоўнена. Мне падаецца, што замежныя гандлёвыя сеткі й брэнды mass fast fashion будуць прыходзіць у Беларусь і далей. Ёсьць шмат іншых вытворцаў вопраткі, якія могуць зацікавіцца Беларусьсю. У бліжэйшы час могуць зьявіцца сеткі з галіны тавараў для дому і будаўніцтва. JYSK ужо ёсьць, чaс на IKEA і Leroy Merlin.

Але ёсьць і перашкоды для іх экспансіі. Амаль усе ўзгаданыя брэнды таньнейшыя ў нашых заходніх суседзяў. Таму надалей застаецца пытаньне, ці беларусы зьменяць звычку апранацца ў той жа Польшчы ці Летуве. Іншае пытаньне – гэта стан беларускай лёгкай прамысловасьці. У яе дзьве галоўныя праблемы: гэта альбо ёсьць цікавыя ідэі, але няма якаснай вытворчасьці, альбо ёсьць якасная вытворчасьць, але няма сучаснага дызайну. Натуральна, ёсьць вельмі цікавыя беларускія вытворцы – напрыклад, гэта маленькія фірмы з дызайнэрскай вопраткай, альбо папулярныя лідзкія кеды, але такіх прыкладаў вельмі мала. Таму, спадзяюся, прыход гэтых брэндаў на ўнутраны рынак зможа пазытыўна паўплываць і на айчынных вытворцаў.

Патэнцыялу для росту заробкаў няма

Сярэдні заробак па краіне ў 2019 годзе можа дасягнуць 1500 рублёў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 жніўня падчас паездкі ў Берасьце. Цяпер сярэдні заробак у Беларусі складае 819 рублёў. Ці мае эканоміка патэнцыял, каб за паўтара гады павысіць зарплаты ў 1,8 разы?

Максім Руст: Гэтыя заявы становяцца ўсё больш сьмешнымі. Калі ў беларускай эканомікі няма рэальнага патэнцыялу каб заробкі вырасьлі нават да абяцаных 1000 рублёў у бліжэйшыя часы, то якія могуць быць размовы пра 1500 рублёў у 2019 годзе? Галоўная праблема гаспадаркі – вельмі нізкая прадуктыўнасьць працы. І яна не вырашана. Таму такія заявы я расцэньваю як абяцанкі на пэрыяд летніх адпачынкаў. Натуральна, заробкі да 1500 рублёў і нават больш, падняць можна. Але зрабіць гэта можна толькі штучна, і гэта прывядзе – як і раней – да фінансавага крызысу й дэвальвацыі. Таксама рост рублёвых заробкаў можа адбыцца шляхам дэвальвацыі рубля – напрыклад, усьлед за падзеньнем расійскай эканомікі й яе валюты. Але ў такой сытуацыі 1000 рублёў будзе раўняцца ўжо не 500 даляраў, а значна меншай суме.

Масква будзе ацэньваць ляяльнасьць Мінска

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію для тэлеканалу «Россия 24» заявіў, што ў расейска-беларускай інтэграцыі назіраецца рэгрэс. «Расейцы памежнікаў вывелі на мяжу, мытнікі пачынаюць сябе паводзіць незразумела як, блякуюць тавары. Людзі з трэціх краін могуць праехаць толькі празь міжнародныя пункты пропуску – гэта значыць недавер ужо да нас» – зазначыў кіраўнік Беларусі 13 жніўня. Ці прыслухаецца Масква да папрокаў Менска і скасуе ўведзены ў лютым гэтага году памежны кантроль?

Максім Руст: Тое, што дадзенае інтэрвію паказалі па Расіі-24, гэта знак, што праблемаў у беларуска-расійскіх адносінах вельмі шмат і рэгрэс сапраўды ёсьць. Але трэба памятаць, што мяч на расійскім баку, і разьвіцьцё сытуацыі будзе залежыць ад далейшых паводзін беларускіх уладаў, асабліва на заходнім кірунку. Я думаю, што калі «Захад 2017» пройдзе больш менш спакойна, то ўвосень можа нармалізавацца і сытуацыя ў стасунках з Расіяй, у тым ліку сытуацыя з памежным кантролем. Але Масква будзе кіравацца не папрокамі Мінска, а толькі ўзроўнем ляяльнасьці беларускіх уладаў.

Небясьпека «Захаду -2017» перабольшаная

15 жніўня ў Беларусь пачалі прыбываць расейскія жаўнеры. З 21 па 25 жніўня яны будуць рыхтавацца да вучэньняў «Захад -2017», якія пройдуць у верасьні. У СМІ Беларусі і суседніх краінаў не раз зьяўляліся трывожныя камэнтары наконт вайсковых манэўраў. Ці вучэньні «Захад -2017» сапраўды будуць выкарыстаныя, каб згрупаваць расейскія войскі на мяжы з Украінай? Ці расейскія часткі, якія ўвойдуць на тэрыторыю Беларусі, выйдуць адтуль пасьля вучэньняў?

Максім Руст: У сёньняшняй сытуацыі катэгарычныя заявы пра вучэньні «Захад -2017», якія можна пачуць на Захадзе, падаюцца мне часта перабольшанымі. Усё ж Расея, асабліва пасьля Крыму, у сваёй замежнай палітыцы вымушана дзейнічаць рацыянальна. Сцэнары згрупаваньня расійскіх войскаў на мяжы з Украінай альбо невывядзеньня іх зь Беларусі прывядуць да эскаляцыі канфлікту на лініі Захад-Расея. Натуральна, для Захаду гэта нябесьпечна. Але яшчэ больш гэта небясьпечна і нявыгадна для самой Расіі. І таму я ўпэўнены, што вучэньні пройдуць па ўзгодненым з NATO і АБСЕ сцэнары.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт