Logo Polskiego Radia
Print

Францускі ўрад паспрабуе прывучыць грамадзянаў да беражлівасьці

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 19.09.2017 16:28
Улады краіны прадугледзелі дадатковыя фінансавыя стымулы для тых, хто клапоціцца аб экалёгіі.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Францускі ўрад паспрабуе прывучыць грамадзянаў да беражлівасьці. Улады краіны прадугледзелі дадатковыя фінансавыя стымулы для тых, хто клапоціцца аб экалёгіі. Тэме прысьвечаны адзін з матэрыялаў сёньняшняга нумару газэты Puls Biznesu. Паводле міністра навакольнага асяродзьдзя Нікаля Юло, меры закладзеныя ў праект бюджэту на будучы год. Тыя, хто вырашыць зьмяніць аўтамабіль на навейшы – зь меншым узроўнем шкодных выкідаў – атрымаюць дадаткова ад 500 да 1000 эўра.

Пры гэтым дызэльныя машыны, ад якіх захочуць пазбавіцца французы, не павінная быць зарэгістраваныя пазьней за 2000 год, бэнзінавыя ж мусяць быць пастаўленыя на ўлік да 1997-га году. Паведамляецца, што дадатковыя грошы атрымаюць ня толькі тыя спажыўцы, што набываюць легкавікі з салёну. Правіла будзе дзейнічаць таксама й для ўжываных машынаў, якія адпавядаюць экалягічным стандартам.

Сем’і зь нізкім узроўнем даходаў могуць разьлічваць на падвойную фінансавую дапамогу. Адзначым, для людзей, якія вырашаць перасесьці на электракары, урад прадугледзеў яшчэ больш прывабныя ўмовы. У гэтых выпадках можна будзе атрымаць 2 з паловай тысячы эўра ў дадатак да 6 тысячаў, прадугледжаных заканадаўствам раней. Паводле ўладаў, усяго абмену падлягаюць каля трох мільёнаў аўтамабіляў. Міністэрства навакольнага асяродзьдзя спадзяецца, што ўжо ў будучым годзе жыхары Францыі пазбавяцца ста тысячаў зь іх.

Яшчэ адна норма (яна будзе дзейнічаць з 2019 году) прадугледжвае фінансавую дапамогу на ўцяпленьне дамоў. Грошы можна будзе атрымаць адразу пасьля заканчэньня працаў. Акрамя таго, сем’і зь нізкім узроўнем даходаў, што вырашаць устанавіць генэратары зялёнай энэргіі, атрымаюць зь бюджэту датацыю ў памеры трох тысячаў эўра, паведамляе Puls Biznesu.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт