Logo Polskiego Radia
Print

У Менску судзяць расейцаў за зьнявагу беларусаў

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.12.2017 17:56
  • У Менску судзяць.mp3
У беларускай сталіцы ідзе працэс над прыхільнікамі «Русского мира».
Foto: pixabay.com/CC0

Трох аўтараў партала "Regnum" вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці.

На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Іх затрымалі год таму за артыкулы, якія яны пісалі для такіх расейскіх сайтах як Regnum, «Западная Русь», «Русправда», у якіх ставілі пад сумнеў беларускую дзяржаўнасьць, заклікалі да анэксіі Беларусі Расеяй, крытыкавалі беларускія ўлады за спрыяньне «нацыяналізму», агулам, як сказаў пракурор, дапускалі зьняважлівыя выказваньні пра беларусаў. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

У Беларусі стаўленьне да справы падзялілася. Адны кажуць, што ўлады парушылі свабоду слова й арыштаваных давядзецца прызнаваць «палітычнымі вязьнямі». Іншыя бачаць у гэтым працэсе сыгнал прарасейскім сілам у Беларусі ды Маскве, што Менск не дапусьціць паўтарэньня «данбаскага сцэнару» на сваёй тэрыторыі.

Ці гэта прывядзе да пагаршэньня адносін паміж Беларусьсю ды Расеяй? "Крэмль спакойна ахвяруе сваімі памагатымі дзеля больш важных спраў і саступак, якія ў Маскве спадзяюцца атрымаць ад Лукашэнкі", - перакананы палітоляг з Цэнтру палітычнай адукацыі Андрэй Ляховіч. У беларуска-расейскіх адносінах стане «горача» не раней чым на восень будучага года, прагназуе адмысловец.

Слухайце размову ў гукавым файле

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт