Logo Polskiego Radia
Print

Эўразьвяз адмаўляецца ад абавязковых квот мігрантаў для кожнай краіны-сябра

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.06.2018 14:00
  • саміт міграцыя.mp3
Дзевяць гадзін дзяржавы ЭЗ абмяркоўвалі сумесную пазыцыю наконт вырашэньня праблемы міграцыі.
pixabay.com/Public Domain CC0

У Брусэлі працягваецца двухдзённая сустрэча лідараў Эўрапейскага Зьвязу, на якой абмяркоўваюць надзённыя для супольнасьці пытаньні. Падчас першага дня саміту ўдзельнікі цягам дзевяці гадзін абмяркоўвалі сумесную пазыцыю наконт вырашэньня праблемы нелегальнай міграцыі.

Першы дзень саміту быў прысьвечаны галоўным чынам міграцыі, якім чынам эўрапейскія краіны павінны рыхтавацца да патэнцыйных новых хваляў бежанцаў у будучыні, як можна вырашыць гэтую праблему. Новым элемэнтам у перамовах была згода на тое, каб ствараць цэнтры кантролі мігрантаў. У такіх цэнтрах бежанцы пройдуць праверку, каб улады маглі вырашыць, хто мае права атрымаць прытулак, а хто – не. Тыя, хто атрымае права прызнаньня прытулку, будзе чакаць, калі ён зможа быць прыняты ў адну з дзяржаў супольнасьці. Ня будзе абавязковых квот мігрантаў для паасобных краін. Падзел бежанцаў будзе адбывацца паводле прынцыпу дабравольнасьці. Да гэтага менавіта імкнуліся краіны гэтак званай Вышаградзкай групы, у тым ліку Польшча.

Кампрамісам задаволены прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, паколькі Польшча рэзка пратэставала супраць абавязковых квот прыняцьця ўцекачоў для кожнай краіны-сябра ЭЗ.

М. Маравецкі: Гэта вельмі добры кампраміс. Мы дасягнулі, да чаго імкнуліся. Ёсьць рашэньне пра прынцып разьмеркаваньня ўцекачоў на дабравольных пачатках, ёсьць рэформа права аб прадстаўленьні прытулку, якую павінны адобрыць усе паводле прынцыпу адзінагалоснасьці. Мы гэтым вельмі задаволеныя.

Рашэньні, прынятыя на саміце ў Брусэлі, задавальняюць таксама італьянскага прэм’ер-міністра Джузэпэ Контэ. Ён падкрэсьліў, што дзякуючы ім Італія ўжо ня будзе адзінокай у вырашэньні праблемы міграцыі. З гэтага саміту Эўропа выходзіць больш адказнай і больш аб'яднанай, – дадаў Контэ. Кіраўнік італьянскага ўраду казаў таксама пра рашэньні, якія датычаць адмысловых цэнтраў для ўцекачоў.

Д. Контэ: Артыкул №5 прадбачвае магчымасьць стварэньня цэнтраў прыняцьця мігрантаў, каб была магчымасьць зьняць іх з суднаў, таксама ў выпадку транзыту ў трэціх краінах. Усё будзе адбывацца пад кантролем і пры супрацоўніцтве з Высокім камісарам ААН па справах уцекачоў і Міжнароднай арганізацыяй па пытаньнях міграцыі. Цяпер у Эўропе можна будзе ствараць цэнтры для мігрантаў, але толькі паводле прынцыпу дабравольнасьці. Дзяржавы, якія выразяць жаданьне далучыцца да праграмы, змогуць ствараць у сябе такія цэнтры, паводле агульных эўрапейскіх нормаў.

Калі цэнтры для мігрантаў удасца стварыць на тэрыторыі ЭЗ, то ў такіх месцах будзе адбывацца падзел мігрантаў на палітычных уцекачоў ды эканамічных імігрантаў. Людзей, якія трапяць у другую групу, можна будзе дэпартаваць у краіну паходжаньня. Асобы з катэгорыі бежанцаў змогуць атрымаць права на прытулак. Тым ня менш, па словах польскага прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, Польшча выступае супраць такіх цэнтраў.

М. Маравецкі: Мы выступаем за тое, каб будаваць так званыя хот-споты (цэнтры разьмеркаваньня ўцекачоў) паза межамі Эўрапейскага Зьвязу. У такіх месцах можна было б праводзіць папярэдні адбор бежанцаў. Аднак мы супраць стварэньня такіх цэнтраў унутры Эўрапейскага Зьвязу. На нашу думку, яны маглі б стаць своеасаблівым запрашэньнем у ЭЗ для дзясяткаў мільёнаў патэнцыйных эканамічных мігрантаў.

Нагадаем, згодна прынятым у Брусэлі палажэньням, мігрантаў, выратаваных на Міжземным моры, якія імкнуцца прабрацца ў Эўропу, можна будзе накіроўваць у адмысловыя цэнтры ў Паўночнай Афрыцы. Там кожная асоба пройдзе праверку, ідэнтыфікацыю, а нелегальных эканамічных мігрантаў будуць высылаць назад у іх краіны. Асобы, якія маюць права на прытулак, будуць чакаць прыняцьця іх адной з сяброўскіх краін ЭЗ.

Такім чынам Брусэль адмаўляецца ад абавязковага разьмеркаваньня мігрантаў паміж дзяржавамі Эўрапейскага Зьвязу й квот для кожнай краіны. Пры нагодзе трэба сказаць, што палякі апошнім часам менш крытычна ставяцца да магчымасьці прымаць мігрантаў. Паводле апытаньня, вынікі якога друкуе газэта «Rzeczpospolita», усё яшчэ бальшыня жыхароў краіны выступае супраць таго, каб прымаць уцекачоў, але ў параўнаньні з вынікамі, атрыманымі год таму, група адмоўна настаўленых асоб зьмяншаецца. 44,7% апытаных адказала, што яны ахвотна віталі б мігрантаў у Польшчы, а рашуча супраць былі 53%. Год таму за тое, каб прымаць уцекачоў, выказвалася менш за 37% жыхароў краіны. Відаць, палякі ўсё менш баяцца мігрантаў, перастаюць на іх дзейнічаць папулісцкія выказваньні некаторых палітыкаў, якія пужаюць хваляй бежанцаў.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт