Logo Polskiego Radia
Print

Чаму масавых пратэстаў ня будзе?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 15.03.2012 21:23
  • Чаму масавых пратэстаў ня будзе.mp3
“Крызыс ударыў па матэрыяльным становішчы большасьці беларусаў, але не зьмяніў іх каштоўнасьцяў”.

Фота:
Фота: movements.org

Крызыс пагоршыў эканамічную сытуацыю большай часткі насельніцтва, але не пахіснуў яе каштоўнасьцяў. Таму масавых пратэстаў у бліжэйшы час ня будзе й падтрымка апазыцыі не ўзрасьце – канстатаваў сацыёляг Алег Манаеў. Ён прыняў удзел у Форуме беларускіх недзяржаўных ініцыятываў, які праходзіць у Варшаве.

Як эканамічны крызыс зьмяніў настроі беларускага грамадзтва? Ці ў стане апазыцыя ўзначаліць грамадзкія пратэсты? Якая будучыня чакае беларускую эканоміку? На гэтыя пытаньні спрабавалі адказаць беларускія экспэрты, запрошаныя на форум грамадзкіх арганізацыяў у Варшаву.

Большасьць беларусаў ускладаюць віну за эканамічны крызыс на Аляксандра Лукашэнку. Людзі адчуваюць несправядлівасьць, якая пануе ў дзяржаве, сацыяльную няроўнасьць паміж грамадзянамі й чыноўнікамі, бачаць пагаршэньне свайго матэрыяльнага становішча. Аднак асноўнай каштоўнасьцю вялікай часткі насельніцтва па-ранейшаму застаецца патэрналізм – чаканьне абароны й падтрымкі з боку дзяржавы. Таму росту падтрымкі апазыцыі не назіраецца – кажа дырэктар Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў.

Фота:
Фота: belsat.eu

А. Манаеў: І дзесяць, і пяць гадоў таму, і сёньня , адным словам, ніколі рост незадаволеньня людзей не трансфармаваўся ў адпаведны рост падтрымкі апазыцыйных лідараў ці партыяў. Апазыцыя як фэномэн, яе праграмы, лёзунгі, мэханізмы рашэньня праблемаў не адпавядаюць таму, чаго хочуць, як успрымаюць сьвет нават тыя, хто незадаволены. Гэта паказвалі аналізы як раней, так і сёньня.

Беларускае грамадзтва расколатае, як і раней. Аднак нават 3 мільёны чалавек, якія падзяляюць лібэральныя й дэмакратычныя каштоўнасьці, таксама не давяраюць апазыцыйным партыям і лідарам. Калі пратэсты й выбухнуць, то яны ня будуць мець нічога супольнага з тытульнай апазыцыяй, лічыць сацыёляг.

А. Манаеў: Гэтая частка грамадзтва, якая мае іншыя каштоўнасьці, будзе арганізоўвацца й выражаць свой пратэст іншымі шляхамі. Прыклады – акцыі “Стоп-бэнзін!”, перакрыцьцё мяжы гэтым летам. Якую ролю адыгрывала апазыцыя ў падзеях у Берасьці ці Горадні?

Сацыяльны спакой у Беларусі залежыць ад таго, ці знойдуць улады новыя крыніцы фінансаваньня, кажа Алег Манаеў.

А. Манаеў: Пасьля дамоўленасьцяў, заключаных у Крамлі 16 і 17 лістапада 2011 году, Беларусь атрымала каля 7,5 мільярда эканамічных прэфэрэнцыяў ад Расеі. Таму на бліжэйшы год праблемы вырашаныя. Ці ўдасца Лукашэнку што-небудзь знайсьці ў наступным годзе – я ня ведаю, і, я думаю, ён сам яшчэ ня ведае. Калі яму будзе ўдавацца знаходзіць сродкі штогод да канца ягонага тэрміну, то пратэстаў ня будзе. Калі ж 7,5 мільярда скончацца, а новых ня будзе, альбо ррасейцы ці кітайцы паставяць такія ўмовы, зь якіямі Лукашэнка не захоча пагадзіцца, то тады могуць ўзьнікнуць розныя эксцэсы.

Беларуская апазыцыя знаходзіцца сёньня ў найгоршай сытуацыі за апошнія 10 гадоў – лічыць палітоляг Дзяніс Мельянцоў. Яна абяскроўленая рэпрэсіямі й падзеленая пытаньнем пра байкот надыходзячых выбараў. У дадатак, партыйныя лідары не скарысталіся мажлівасьцю “пайсьці ў народ” у час крызысу, кажа Дзяніс Мельянцоў.

Фота:
Фота: euroradio.fm

Д. Мельянцоў: Апытаньні паказваюць, што грамадзтва ўспрымае беларускую апазыцыю як чужую й незразумелую. Калі казаць пра байкот парлямэнцкіх выбараў, то, на маю думку, калі апазыця надалей будзе ўстрымлівацца ад камунікацыі са сваім электаратам, то гэтая адчужанасьць будзе толькі ўзрастаць.

Як выглядаюць пэрспэктывы беларускай эканомікі? Яна вычарпала крыніцы разьвіцьця – канстатуе эканаміст Алесь Чубрык.

/

А. Чубрык: Колькасьць насельніцтва ў працаздольным узросьце дасягнула максымуму і ўжо пачало скарачацца. Што тычыцца фізычнага капіталу, то, я думаю, ні для каго не сакрэт, зь якіх крыніцаў адбывалася назапашваньне гэтага капіталу. Гэта былі ў асноўным ўнутраныя інвэстыцыі, якія фінансаваліся грашыма зь бюджэту, здабытымі спачатку дзякуючы расейскім субсыдыям, а пазьней – дзякуючы павелічэньню зьнешняй запазычанасьці. Крыніцаў эканамічнага росту няма. Усе фундамэнтальныя дысбалянсы эканомікі захаваліся. І таму як толькі пачнецца штучнае стымуляваньне эканамічнага росту, то вельмі хутка эканоміка можа прыйсьці да той сытуацыі, у якую яна прыйшла ў пачатку 2011 году.

Беларусы не пратэстуюць, яны шукаюць мажлівасьцяў зарабіць. Кожны новы крызыс будзе спрыяць эміграцыі працоўнай сілы й нішчыць мажлівасьці адбудовы эканомікі, лічыць Алесь Чубрык. Грамадзтва чакае прапановаў па выхадзе з крызысу, чакае праўдзівай інфармацыі. І калі прапановаў не даюць улады, гэта павінны рабіць грамадзкія арганізацыі й прафэсійныя незалежныя СМІ.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт