Пазыцыю Крамля не зьмянілі ані пераконваньні, ані санкцыі Захаду. Місію міратворца Кіева ды Масквы паспрабаваў прымераць на сябе Аляксандар Лукашэнка. Наколькі ў яго гэта атрымоўваецца, ацэньваюць экспэрты.
Зь мінулага тыдня беларускі кіраўнік стаў яшчэ адным “newsmaker”-ам ва ўкраінска-расейскім супрацьстаяньні. Для гэтага хапіла гучнага інтэрвію ўкраінскаму тэлебачаньню ды сустрэчы з в.а. прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандрам Турчынавым. Па выніках сустрэчы бакі заявілі, што дайшлі да поўнага паразуменьня. У сваю чаргу, у згаданым інтэрвію Лукашэнка фактычна агучыў магчымы кампраміс: Кіеў пагаджаецца са стратай Крыму й праводзіць выбары дзеля фармаваньня новай улады, Расея адмаўляецца ад плянаў па далейшай агрэсіі ва Ўсходняй Ўкраіне. Ці пачуе Масква свайго партнэра па інтэграцыі? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да палітоляга Юрыя Шаўцова.
Юры Шаўцоў: Жыцьцё пакажа. Пакуль што не было ніякай нэгатыўнай рэакцыі з боку Расеі пасьля заяў Лукашэнкі. Больш за тое, менавіта пасьля сустрэчы Лукашэнкі з Турчынавым зьявіліся зьвесткі пра тое, што Расея адвяла войскі з мяжы з Украінай. Гэта ўскосна пацьвярджае словы Лукашэнкі, што Пуцін не зьбіраецца далей уваходзіць ва Ўкраіну. Пытаньне канцэнтрацыі расейскіх войскаў на мяжы з Украінай было галоўнай праблемай паміж Кіевам ды Масквой. Патрабаваньне Крамля фэдэралізацыі Ўкраіны не так істотнае. На маю думку, шмат што цяпер залежыць ад выбарчай кампаніі ва Ўкраіне.
У сваю чаргу палітоляг Павал Усаў зазначае, што беларускі кіраўнік хацеў бы быць пасярэднікам у канфлікце паміж Кіевам ды Масквой. Аднак той час, калі Лукашэнка мог уплываць на працэсы на постсавецкай прасторы, мінуў.
Павал Усаў: Лукашэнка хоча згуляць у сваю гульню, паказаць сябе пасярэднікам паміж канфліктуючымі бакамі, Кіевам ды Масквой, паказаць сябе як незалежнага палітыка на постсавецкай прасторы, які здольны ўплываць на міжнародныя працэсы. Але гэта яго ўнутранае ўяўленьне пра сытуацыю на постсавецкай прасторы, якую ён да канца не разумее. Той час, калі ён мог на нешта ўплываць у канфліктных справах, даўно ўжо сышоў. Зараз усе рашэньні прымае Масква.
Таму ў гэтых заявах па ўкраінскім пытаньні ды сустрэчах з прадстаўнікамі новай улады ў Кіеве, варта бачыць ня столькі зьнешні аспэкт, колькі ўнутраны, перакананы аглядальнік Аляксандар Класкоўскі. Беларускі кіраўнік выкарыстоўвае паўстаўшую сытуацыю на свае ўнутры беларускія патрэбы.
Аляксандар Класкоўскі: Гэта перавялічваньне казаць пра амплюа пасярэдніка. Крэмль непрадказальны, таму гэтая місія няўдзячная. Беларускія ўлады балянсуюць, ствараюць уражаньне нэўтральнасьці ды канструктыўнасьці. Лукашэнка проста карыстаецца сытуацыяй, каб вырашыць найперш свае пытаньні. Таму што ён фактычна пачаў сваю перадвыбарчую кампанію. Ягоны мэсыдж суайчыньнікам быў такі, што цаніце моцную ўладу. Многіх беларусаў Майдан з крывёю, забурэньнямі ды сваім трагізмам, і ўрэшце са стратаю Крыма глыбока ўразіў. Ідэя беларускай стабільнасьці, над якой зьдзекаваліся, раптам атрымала шанец на другое дыханьне. Я думаю, што гэта можа стаць адной з “фішак” выбарчай кампаніі Лукашэнкі 2015-га года.
Украінска-расейскі канфлікт стаў для многіх нечаканасьцю. Заходнія палітыкі нават пачалі казаць, што расейскі прэзыдэнт, які разьвязаў агрэсію, згубіў кантакт з рэчаіснасьцю. Вярнуць яго назад у рэчаіснасьць заходнія палітыкі так і не змаглі. Цяпер гэта паспрабаваў зрабіць Аляксандр Лукашэнка, калега па цэху постсавецкіх кіраўнікоў. Некаторыя экспэрты сумняваюцца, ці беларускі кіраўнік мае яшчэ ўплыў на Маскву.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч