Канвэнцыя супраць гвалту непатрэбная і небясьпечная?
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
14.02.2015 15:44
Польскі парлямэнт пагадзіўся ратыфікаваць Канвэнцыю аб супрацьдзеяньні гвалту ў дачыненьні да жанчын ды гвалту ў сям'і.
Shutterstock
Ніжэйшая палата польскага парлямэнту Сэйм ухваліў у пятніцу законапраект, які дазваляе ратыфікаваць Канвэнцыю Рады Эўропы аб папярэджаньні і барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і гвалтам у сям’і. Галасаваньню папярэднічала вострае абмеркаваньне. Праціўнікі дакумэнту сьцьвярджалі, што для Польшчы Канвэнцыя непатрэбная і небясьпечная. Асабліва моцны супраціў яна выклікала ў правых колах. Ратыфікаваць Канвэнцыю заклікалі жаночыя арганізацыі, якія адстойваюць правы чалавека і займаюцца аказаньнем дапамогі ахвярам гвалту ў сям'і.
Сэйм пагадзіўся ратыфікаваць Канвэнцыю Рады Эўропы аб папярэджаньні і спыненьні гвалту ў адносінах да жанчын і гвалту ў сям’і. Над гэтым міжнародным дакумэнтам працавала 47 краін.
Канвэнцыя закліканая абараняць жанчын ад усіх формаў гвалту і дыскрымінацыі. Яна грунтуецца на ідэі, што крыніцай гвалту ёсьць няроўнасьць, а пераадольваючы стэрэатыпы і дыскрымінацыю лягчэй прадухіляць гвалт.
Польская апазыцыя, якая прадстаўляе правыя погляды, абураная. З пачатку працы над Канвэнцыяй шмат засьцярогаў да гэтага дакумэнту мела партыя „Права й справядлівасьць”. Яе прадстаўніца Бэата Шыдла пасьля галасаваньня заявіла, што дэпутаты прынялі вельмі дрэнны законапраект, які дазволіць ўвядзеньне небясьпечнай практыкі.
Б.Шыдла: Палякаў ашукалі. Усе тыя, хто сьцьвярджае, што гэты дакумэнт вырашае праблемы гвалту ў дачыненьні да жанчын, не гавораць праўды.
Большасьць дэпутатаў кіроўнай „Грамадзянскай плятформы” выказаліся за падтрыманьнем Канвэнцыі. Міністар адміністрацыі Анджэй Галіцкі прызнаў, што ў парлямэнцкіx дэбатаx над гэтым дакумэнтам дамінавала дэмагогія.
А. Галіцкі: Што б ні казалі, канвэнцыя не зьяўляецца крыніцаю права ў Польшчы. Гэта дырэктыва, дакумэнт міжнароднага рангу, які павінен улічвацца ў нашым заканадаўстве. Але моцы, каб быць вышэй за канстытуцыю, у яго няма.
На вастрыню дыскусіі, якая адбылася перад галасаваньнем, са зьдзіўленьнем зьвярнула ўвагу Малгажата Фушара, упаўнаважаная ўраду па пытаньнях гендэрнай роўнасьці. Для яе незразумелая пазыцыя кансэрватыўных дэпутатаў.
М. Фушара: Усе закіды надуманыя. Яны вынікаюць з таго, што хтосьці не дачытаў дакумэнту або яго не зразумеў, або праяўляе злую волю. Тут не было дэбатаў над істотай справы. Ёсьць людзі, якія выступаюць за ратыфікацыю канвэнцыі, а іншыя адхіляюць яе толькі таму, што яе прасоўвае ўрад, і, як апазыцыя, кажуць „не”. Што б ні было напісана ў канвэнцыі, яны скажуць „не”.
„Рашэньне дэпутатаў, якія прагаласавалі за закон аб ратыфікацыі Канвэнцыі, — гэта сыгнал, што для іх не зьяўляюцца прыярытэтнымі дабро сужонства, сям’і і дэмаграфічнай будучыні Польшчы,” — напісалі ў адозьве польскія біскупы.
Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі польскіх біскупаў ксёндз Юзэф Клёх выказаў перакананьне, што гвалт па сваёй прыродзе супярэчыць прынцыпам хрысьціянскай веры і павінен быць выключаны з узаемаадносін паміж людзьмі. Ён лічыць, што Канвэнцыя РЭ ня ўносіць нічога новага ў барацьбу з гвалтам.
Ю. Клёх: Канвэнцыя Рады Эўропы зьвязвае гвалт з традыцыяй, з рэлігіяй, з сужонствам, зь сям’ёй, а не заўважае крыніц гвалту там, дзе яны насамрэч праяўляюцца. Іх параджаюць чалавечая слабасьць і памылкі. Вось крыніцы гвалту. У польскім праве існуюць інструмэнты для барацьбы з гвалтам, таму ў Канвэнцыі Рады Эўропы няма неабходнасьці.
Біскупы лічаць, што Канвэнцыя абмяжоўвае польскі сувэрэнітэт у пытаньнях этыкі і абароны сям'і. Цяпер эўрапейскія экспэрты будуць вызначаць стандарты прававой палітыкі, адукацыі і выхаваньня, чым могуць адводзіць палякаў ад традыцыйнай мадэлі грамадзтва, папярэджваюць сьвятары.
Першае чытаньне законапраекту адбылося напрыканцы жніўня мінулага году; у другім чытаньні ў верасьні ў дакумэнт былі ўнесеныя папраўкі, таму праект быў накіраваны зноў у камітэт. Апазыцыйныя дэпутаты, якія выступаюць супраць ратыфікацыі, неаднаразова патрабавалі прызнаць Канвэнцыю супярэчнай Канстытуцыі Польшчы.
Пасьля ўхваленьня Сэймам у пятніцу згоды на ратыфікацыю Канвэнцыі, цяпер па гэтым пытаньні пазыцыю зойме вышэйшая палата парлямэнту — Сэнат, а затым законапраект будзе накіраваны на подпіс прэзыдэнту.
Ратыфікаваць Канвэнцыю заклікаюць жаночыя і праваабарончыя арганізацыі, супраць выступаюць польскі эпіскапат і правыя кансэрватыўныя колы.
эб